Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/09/799485_799486/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:57
09.09.2015 12:10 Палітыка

У Мінску аднавілася пасяджэнне падгрупы па бяспецы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 9 верасня. Пасяджэнне падгрупы па бяспецы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, якое пачалося ў Мінску 8 верасня, аднавілася сёння раніцай, паведамляе ў "Твітары" МЗС Беларусі.

Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Учора адбыліся сустрэчы ўсіх чатырох падгруп кантактнай групы (па эканоміцы, па палітычных пытаннях, па бяспецы і па гуманітарных пытаннях), а таксама пасяджэнне самой кантактнай групы.

Спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ на перамовах Марцін Сайдзік па выніках раўнда сустрэч заявіў журналістам, што кантактная група вітала факт усталявання рэжыму спынення агню ў Данбасе ў канцы жніўня.

Упаўнаважаная прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні сітуацыі на Данбасе Ірына Герашчанка, якая 8 верасня ўдзельнічала ў пасяджэнні падгрупы па гуманітарных пытаннях, паведаміла на сваёй старонцы ў "Фейсбуку": "Галоўны вынік працы гуманітарнай падгрупы — вызваленне яшчэ двух украінскіх герояў — Сяргея Фураева і Арцёма Камісарчука (украінскія ваеннаслужачыя, што ўтрымліваліся ў палоне больш за год. — БелаПАН.), якія ўжо на тэрыторыі Украіны".

Герашчанка адзначыла, што папярэднія перамовы ў Мінску, якія адбыліся 26 жніўня, завяршыліся вызваленнем 12 украінцаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН