Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/09/799710_799712/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:45
09.09.2015 21:35 Палітыка

Яцанюк: Украіна выканала сваю частку мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 9 верасня. Украіна выканала сваю частку мінскіх дамоўленасцяў, любыя дыскусіі аб перакладванні адказнасці на Украіну з'яўляюцца беспадстаўнымі і непрымальнымі, заявіў прэм'ер-міністр краіны Арсен Яцанюк 9 верасня ў Варшаве пасля завяршэння сустрэчы з кіраўніком урада Польшчы Эвай Копач.

"Украіна з'яўляецца ахвярай. Агрэсарам з'яўляецца Расійская Федэрацыя", — сказаў Яцанюк, словы якога прыводзіць дэпартамент інфармацыі і камунікацый з грамадскасцю сакратарыята Кабінета міністраў Украіны.

Прэм'ер-міністр нагадаў аб ключавых патрабаваннях мінскіх дамоўленасцяў. Першы пункт — спыненне агню. "Яго не адбываецца. Так, часам здараецца, што істотна змяншаецца колькасць абстрэлаў, але потым зноў з'яўляецца", — адзначыў Яцанюк.

"Пункт другі, — працягнуў ён, — гэта адвод расійскіх бандытаў і тэрарыстаў з тэрыторыі Украіны. Падкрэсліваю: не толькі адвод тэхнікі або ўзбраення, а вывад рэгулярных расійскіх войскаў і расійскіх бандытаў з украінскай тэрыторыі. Пункт трэці — гэта аднаўленне кантролю над украінскай дзяржаўнай мяжой, для таго каб гэтыя бандыты не вярнуліся назад".

Яцанюк таксама падкрэсліў, што правядзенне выбараў ва Украіне ў цэлым "і на ўкраінскай тэрыторыі, якой з'яўляецца Данецк, Луганск і ў тым ліку Крым", павінна адбывацца выключна паводле нормаў міжнародных стандартаў і крытэрыяў АБСЕ.

"Мы звярнуліся да АБСЕ і БДІПЧ з просьбай даць нам адказ, ці ёсць сёння ўмовы для таго, каб правесці там сумленныя і празрыстыя выбары. Як можна ісці на выбарчы ўчастак і апусціць бюлетэнь пад дулам расійскага аўтамата? Гэта фікцыя", — сказаў кіраўнік урада.

"Любыя спробы Расійскай Федэрацыі — таму што ў Данецку і Луганску расійскія наёмнікі — правесці любыя незаконныя выбары на гэтых тэрыторыях азначаюць поўны і татальны зрыў мінскіх дамоўленасцяў, — падкрэсліў Яцанюк. — Мы разам з цывілізаваным светам патрабуем выканаць "Мінск": спыніць страляць і забіваць украінцаў, вывесці расійскія войскі і аднавіць кантроль над мяжой. Тады гэты крызіс, які быў створаны Расіяй, і гэтая ваенная агрэсія спыніцца".

Як паведамлялася раней, 8 верасня ў Мінску прайшла чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН