Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/11/800270_800271/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:40
11.09.2015 21:37 Палітыка

Парашэнка: Усе абавязацельствы згодна з мінскімі дамоўленасцямі павінны быць выкананыя сёлета

Мінск, 11 верасня. Тэрмін выканання мінскіх дамоўленасцяў не можа быць працягнуты на 2016 год, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 11 верасня на брыфінгу ў Кіеве падчас 12-й штогадовай сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі (YES).

"Усе павінны выканаць абавязацельствы ў 2015 годзе, таму што Украіна ўжо заплаціла цяжкую цану за невыкананне мінскіх дамоўленасцяў", — прыводзіць словы Парашэнкі яго прэс-служба.

Паводле слоў прэзідэнта, Украіна будзе настойліва дабівацца таго, каб для выканання мінскіх дамоўленасцяў АБСЕ атрымала доступ да ўсіх акупаваных тэрыторый.

"Мы будзем ставіць пытанне аб стварэнні пятай падгрупы па пытаннях мяжы, таму што нас вельмі турбуе, калі прадстаўнікі Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ не маюць доступу да гэтага ўчастка мяжы, калі ім забаронены доступ да пляцовак, дзе баевікі захоўваюць адведзеную цяжкую тэхніку і артылерыю. І мы ведаем, што яе там няма", — сказаў украінскі кіраўнік.

Кажучы пра запланаваную на 2 кастрычніка ў Парыжы чарговую сустрэчу лідараў краін нармандскай чацвёркі, Парашэнка зазначыў, што перамовы павінны быць вельмі добра падрыхтаваныя. Гэтым зоймуцца міністры замежных спраў Украіны, Германіі, Францыі і Расіі 12 верасня.

Парашэнка не выключыў, што яшчэ адна сустрэча ў гэтым ці іншым фармаце можа адбыцца ў межах Генеральнай асамблеі ААН у канцы верасня ў Нью-Ёрку. "Я буду рабіць усё магчымае для таго, каб як мага найбольш якасна падрыхтаваць пасяджэнне "нармандскага фармату", які здолее першыя парасткі стабілізацыі зрабіць больш стабільнымі", — заявіў прэзідэнт.

Ён таксама выказаў надзею, што ўкраінская прапанова аб адводзе танкаў і артылерыі калібрам меншым за 100 мм і мінамётаў калібрам меншым за 120 мм будзе падтрыманая ўсімі ўдзельнікамі мінскага працэсу.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН