Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/13/800385_800386/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:02
13.09.2015 13:46 Палітыка

Пуцін: Для рэалізацыі мінскіх пагадненняў неабходны прамы кантакт паміж Кіевам і ДНР/ЛНР

Мінск, 13 верасня. Аб неабходнасці прамога кантакту паміж Кіевам і ўладамі т.з. ДНР і ЛНР для рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

"Што да выканання мінскіх пагадненняў, то ніякай іншай альтэрнатывы супакаенню і прымірэнню на гэтай тэрыторыі, на мой пагляд, няма. І самае галоўнае, што трэба зрабіць — трэба ўстанавіць прамы кантакт паміж кіеўскімі ўладамі, уладамі Данецкай і Луганскай рэспублік, з тым каб рэалізаваць мінскія пагадненні. Там, нагадаю, прама напісана: і змяненні ў канстытуцыю, і закон аб мясцовых выбарах павінны быць прынятыя па ўзгадненні з Данбасам. Такога ўзгаднення не праводзіцца, і гэта ключавая праблема", — прыводзіць прэс-служба Крамля словы Пуціна, які 12 верасня разам з былым прэм'ер-міністрам Італіі Сільвіа Берлусконі наведаў запаведнік "Херсанес Таўрычны" ў анексаваным Расіяй Крыме.

"Акрамя гэтага павінен быць прыняты закон аб амністыі, — сказаў Пуцін. — Як можна весці дыялог з людзьмі, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам? І чацвёртае: трэба, нарэшце, увесці ў дзеянне ўжо раней прыняты Радай закон аб асаблівым статусе гэтых тэрыторый. Гэта ўсё — ключавыя элементы менавіта палітычнага ўрэгулявання. І, канешне, трэба рэабілітаваць гэтую тэрыторыю з сацыяльна-эканамічнага пункту гледжання. Дзякуй богу, цяпер ужо пайшоў, наколькі мне стала вядома, вугаль з Данбаса ў Кіеў. Гэта значыць, што і мы можам пачаць дадаткова пастаўкі вугалю. Думаю, што мы вырашым і пытанні, звязаныя з пастаўкамі газу і электраэнергіі, калі запатрабуецца. Увогуле, трэба аднаўляць адносіны ў поўнамаштабным фармаце".

На пытанне аб працягу тэрміну дзеяння пагадненняў на 2016 год Пуцін заявіў: "Кучма (прадстаўнік Кіева ў трохбаковай кантактнай групе. — БелаПАН.) сказаў аб гэтым: яны не паспяваюць, мабыць, усё зрабіць. У прынцыпе, можна падумаць аб нейкіх пераносах тэрмінаў, але лепш імкнуцца да таго, чаго мы дабіліся ў Мінску — імкнуцца да таго, каб усё было выканана ў тэрмін. І радуе, канешне (гэта сёння, напэўна, самае галоўнае), што спыненыя абстрэлы Данбаса з боку ўзброеных сіл і так званых добраахвотніцкіх батальёнаў Украіны — удары не наносяцца. Думаю, што гэта сёння самае галоўнае дасягненне".

Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што пагадненні павінны быць выкананыя ў 2015 годзе, і даручыў Кучме адклікаць сваё выказванне аб магчымасці працягу тэрміну дзеяння пагадненняў. Кіеў мае намер весці прамы дыялог толькі з тымі, хто будзе абраны на свабодных выбарах у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН