Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/09/13/800390_800391/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:42
13.09.2015 14:14 Палітыка

Міністры замежных спраў краін "нармандскай чацвёркі" абмеркавалі "шляхі разблакіравання ключавых праблемных пытанняў" рэалізацыі мінскіх пагадненняў

Мінск, 13 верасня. "Шляхі разблакіравання ключавых праблемных пытанняў у межах імплементацыі мінскіх дамоўленасцей" абмеркавалі 12 верасня ў Берліне міністры замежных спраў Украіны, Германіі, Францыі і Расіі ("нармандская чацвёрка").

Паводле інфармацыі прэс-службы ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства, бакі згадзіліся з неабходнасцю найхутчэйшага дасягнення дамоўленасці аб адводзе танкаў, гармат калібрам да 100 мм і мінамётаў калібрам да 120 мм пры "ўзмоцненым маніторынгу і верыфікацыі з боку Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, у прыватнасці, шляхам стварэння пастаянна дзейных пунктаў місіі ўздоўж лініі сутыкнення".

Украінскі бок заявіў пра неабходнасць забеспячэння поўнага і бесперашкоднага доступу маніторынгавай місіі на ўсю тэрыторыю АРДЛА ("асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей"), уключаючы некантралюемы ўчастак украінска-расійскай мяжы.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заклікаў неадкладна пачаць абмеркаванне ў межах трохбаковай кантактнай групы "мадальнасцей правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей на аснове ўкраінскага заканадаўства і агульнапрызнаных крытэрыяў АБСЕ".

Чакаецца, што вынікі сустрэчы міністраў лягуць у аснову працы наступнага саміта лідараў чатырох краін, які адбудзецца ў Парыжы (дата ўдакладняецца).

Мінскія дамоўленасці ("Мінск-2") былі падпісаныя па выніках сустрэчы Пятра Парашэнкі, Ангелы Меркель, Франсуа Аланда і Уладзіміра Пуціна 11—12 лютага гэтага года ў беларускай сталіцы.

12 верасня ў анексаваным Расіяй Крыме Пуцін заявіў, што для паспяховай рэалізацыі пагадненняў неабходны прамы кантакт улад Кіева і ДНР/ЛНР. Украінскія ўлады лічаць непрымальным такі варыянт і  падкрэсліваюць, што бокам канфлікту з'яўляецца Крэмль.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН