Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/10/05/eu_eu_805401_805404/
Дата раздрукоўкі: 25.08.2019 01:54
05.10.2015 12:36 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка разлічвае на поўную нармалізацыю адносінаў з ЕС

Мінск, 5 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыўная дынаміка ў дыялогу з ЕС, якая намецілася апошнім часам, прывядзе да поўнай нармалізацыі адносінаў. Пра гэта ён заявіў, прымаючы 5 кастрычніка даверчыя граматы паслоў шэрагу замежных дзяржаў.
"Мы павінны ўзняць іх на якасны новы ўзровень, які б адпавядаў інтарэсам абодвух бакоў", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да дыпламатаў.

Паводле яго слоў, Беларусь у сілу свайго геаграфічнага становішча і аб`ектыўных прычын надае адносінам з ЕС асаблівае значэнне. "Сітуацыя ў рэгіёне, агульныя выклікі і пагрозы патрабуюць цесных кантактаў і пошуку сумесных рашэнняў", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. На яго думку, перспектыўнымі могуць стаць сумесныя інфраструктурныя праекты ў сферы транспарту, энергетыкі, іншых сферах эканомікі, а таксама ў развіцці дагаворна-прававой базы.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Германіі Петэра Дэтмара, Лукашэнка выказаў надзею, што перыяд узаемнага непаразумення і недаверу ў Беларусі з Германіяй сыходзіць у мінулае. "Упэўнены, што агульная зацікаўленасць у захаванні бяспекі і стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне, плённыя кантакты ў розных сферах ствараюць добрыя перадумовы для пашырэння і паглыблення беларуска-германскіх сувязяў", — сказаў Лукашэнка.

Германія, паводле яго слоў, уваходзіць у лік лідараў па аб`ёме знешняга гандлю з Беларуссю, яна была і застаецца адным з ключавых еўрапейскіх партнёраў краіны. "Таму далейшаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва на раўнапраўнай аснове мы надаем асаблівую ўвагу", — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь таксама нацэленая нарошчваць эканамічныя і крэдытна-інвестыцыйныя кантакты з Аўстрыяй. Прымаючы даверчыя граматы пасла Аўстрыі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Эміля Брыкса, Лукашэнка звярнуў увагу на характэрныя для апошніх гадоў пазітыўныя тэндэнцыі ў беларуска-аўстрыйскіх адносінах.

Як зазначыў Лукашэнка, яго нядаўняя сустрэча з федэральным прэзідэнтам Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнцам Фішэрам у Нью-Ёрку, а таксама ўзмацненне аўстрыйскай дыпламатычнай прысутнасці ў Мінску нададуць новы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН