Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/10/06/805550_by778865/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:17
06.10.2015 08:01 Палітыка

Пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта

Мінск, 6 кастрычніка. Сёння пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі, якое будзе доўжыцца па 10 кастрычніка ўключна.
На працягу пяці дзён участкі для галасавання будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Права прагаласаваць датэрмінова дадзена выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы жыхарства. Разам з тым афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства ў асноўны дзень выбараў не патрабуецца.

Датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Яно не праводзіцца на ўчастках для галасавання, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.

Выбарчым правам у Беларусі валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласаваць на сёлетніх выбарах зможа 6 млн. 995 тыс. 181 выбаршчык, у тым ліку 5 тыс. 742 — за межамі Беларусі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, датэрмінова, як правіла, галасуюць 20-30% выбаршчыкаў.

Арганізатары выбараў станоўча ацэньваюць наяўнасць інстытута датэрміновага галасавання. Ён, на іх думку, дазваляе грамадзянам рэалізаваць свае выбарчыя правы. Між тым незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заклікаюць не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, бо менавіта ў гэты перыяд галасы лягчэй фальсіфікаваць, падмяніўшы бюлетэні.

Шэраг незалежных ініцыятыў па назіранні за выбарамі ў Беларусі стварылі спецыяльны мабільны дадатак "Вочы", спампаваўшы які, выбаршчык зможа пераслаць незалежным назіральнікам інфармацыю аб парушэннях на выбарах. Дасланая карыстальнікамі інфармацыя пасля мадэрацыі адлюстроўваецца на анлайн-карце electby.org. Яна можа быць выкарыстаная місіямі па назіранні для ацэнкі таго, наколькі сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі былі выбары.

Незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам удзел у выбарах мае выключна добраахвотны характар. Ніхто не мае права прымушаць грамадзян удзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, а прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з`яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і цягне адказнасць.

На пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць чатыры кандыдаты: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, актывістка кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА "Беларускае казацтва" Мікалай Улаховіч.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН