Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/10/08/806199_806208/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 06:02
08.10.2015 16:53 Палітыка

Ярмошына: Узмоцненае запрашэнне студэнтаў на выбарчыя ўчасткі — гэта выхаванне

Мінск, 8 кастрычніка. Датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта ў Беларусі пачынае карыстацца ўсё большым поспехам, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 8 кастрычніка ў эфіры анлайн-вяшчання ў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия".

За два дні датэрміновага галасавання, 6 і 7 кастрычніка, паводле даных ЦВК, яўка выбаршчыкаў склала 10,94%, што перавышае яўку за такі ж перыяд на выбарах 2010 года.

"Яўка высокая, гэта таксама можна растлумачыць з улікам таго, што ў нас галасуюць не толькі тыя, каго ўзмоцнена запрашаюць на выбарчыя ўчасткі, напрыклад студэнты, але вельмі пазітыўна ацанілі гэту форму людзі, якія нікуды не едуць на выхадныя, — гэта пенсіянеры", — сказала Ярмошына.

Пры гэтым, паводле яе слоў, "узмоцненае запрашэнне" студэнтаў з боку адміністрацый навучальных устаноў на выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасавання не з'яўляецца парушэннем заканадаўства: "Калі іх запрашаюць — чаму не? Гэта выхаванне. У нас, разумееце, як толькі пачынаюць працаваць з моладдзю, адразу ж — парушэнне. Вось дзяцей водзяць на матчы, гэта не школьнае мерапрыемства, але гэта выхаванне, гэта паказ дзецям, што можна бавіць час інакш і жыць інакш. Дык вось запрашэнне студэнтаў на выбары — гэта таксама выхаванне, выхаванне грамадзян".

Старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла таксама, што нагоды для жорсткай крытыкі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года няма, "галоўнае — не сапсаваць уражанне апошнімі днямі".

7 кастрычніка Ярмошына пасля датэрміновага галасавання на сваім выбарчым участку сказала журналістам: "Цэнтрвыбаркам супраць стымулявання датэрміновага галасавання". Кіраўнік ЦВК адзначыла, што прагаласаваць датэрмінова з'яўляецца "абсалютным правам выбаршчыкаў". "Мы не пытаемся, чаму яны вырашылі прагаласаваць датэрмінова. Гэта права выбаршчыка — прагаласаваць датэрмінова ці ў дзень выбараў", — дадала яна.

У той жа час студэнты і навучэнцы розных навучальных устаноў паведамляюць, што кіраўніцтва рэкамендуе ім прагаласаваць датэрмінова, інакш у іх могуць з'явіцца праблемы з засяленнем у інтэрнаты. Тым, хто галасуе, датэрмінова даюць выхадныя з суботы па панядзелак. Падобная інфармацыя прыходзіць і ад рабочых дзяржпрадпрыемстваў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239