Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/10/27/810697_810700/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:55
27.10.2015 22:22 Палітыка, Грамадства

Спецдакладчык ААН: У Беларусі немагчымая незалежнасць СМІ

Мінск, 28 кастрычніка. Незалежнасць сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі немагчымая з-за дазвольнай сістэмы рэгістрацыі і адвольных правілаў адносна адклікання ліцэнзій — такая адна з высноў даклада аб свабодзе выказвання меркаванняў, які прадставіць спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН 29 кастрычніка.
Паводле інфармацыі Цэнтра прававой трансфармацыі, акрамя высноў даклад утрымлівае рэкамендацыі, якія маюць на мэце падтрымаць Беларусь у справе выканання як свабоды выказвання меркаванняў, замацаванай у Канстытуцыі краіны, так і яе міжнародных абавязацельстваў. "Зробленыя ў дакладзе высновы ўказваюць на тое, што ўстаноўленая за апошнія два дзесяцігоддзі сістэма кіравання сродкамі масавай інфармацыі фактычна ўдушыла ажыццяўленне права на свабоду меркаванняў і інфармацыю", — зазначаецца ў паведамленні цэнтра.

Асноўныя высновы Харасці: плюралізм сродкаў масавай інфармацыі адсутнічае; Беларусь з'яўляецца адзінай у Еўропе краінай, дзе няма прыватных кампаній агульнанацыянальнага вяшчання; урад выступае ў ролі прамога рэгулятара ўсіх відаў сродкаў масавай інфармацыі; крытычныя выказванні і расследаванні спыняюцца праз крыміналізацыю зместу, які разглядаецца як "шкодны для дзяржавы", праз злачынную дыфамацыю і законы аб нанясенні знявагі, якія абараняюць дзяржаўных службовых асоб, і ў прыватнасці прэзідэнта, ад кантролю з боку грамадскасці.

Агульнасістэмныя парушэнні права на свабоду меркаванняў узмацняюцца сістэматычным пераследам журналістаў, якія супрацьстаяць адмове ў ажыццяўленні іх правоў, адзначае спецдакладчык ААН. Асаблівую трывогу ў гэтай сувязі выклікае прыняцце ў снежні 2014 года паправак да закона аб СМІ, бо папраўкі тычацца апошняга апірышчы свабоднага выказвання меркаванняў — інтэрнэта.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239