Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/11/04/812176_812177/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:20
04.11.2015 12:33 Палітыка

Кантактная група па Украіне: Адвод узбраенняў праходзіць у адпаведнасці з планам

Мінск, 4 лістапада. Вечарам 3 лістапада адбылася чарговая відэаканферэнцыя трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер, прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Па выніках канферэнцыі члены кантактнай групы зрабілі выснову, што адвод узбраенняў калібрам менш за 100 мм ад лініі сутыкнення ідзе ў адпаведнасці з зацверджаным планам. Разам з тым яны заклікалі бакі паскорыць гэты працэс.

"У сувязі з адзінкавымі выпадкамі парушэнняў рэжыму спынення агню з боку прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, звярнуліся да Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ і Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі з заклікам расследаваць гэтыя факты і спыніць іх", — зазначае Оліфер.

Удзельнікі сустрэчы таксама заклікалі павялічыць у зоне канфлікту колькасць назіральнікаў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, а таксама забяспечыць іх неабходнай тэхнікай — беспілотнікамі і камерамі назірання. Гэтае пытанне, паводле слоў прэс-сакратара Кучмы, будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене 4 лістапада і на сустрэчы міністраў замежных спраў краін нармандскай чацвёркі ў Берліне 6 лістапада.

Кантактная група таксама выказалася за паскарэнне працэсу абмену палоннымі і абмеркавання канцэпцыі закона аб мясцовых выбарах на Данбасе, прапанаванай украінскім бокам.

3 лістапада ў Мінску ў закрытым для прэсы рэжыме таксама адбылося пасяджэнне падгрупы кантактнай групы па палітычных пытаннях. Чакаецца, што рабочая група па бяспецы сустрэнецца ў Мінску 10 лістапада, а пасяджэнне самой кантактнай групы пройдзе 17 лістапада.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН