Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/11/06/812911_812912/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:23
06.11.2015 22:45 Палітыка

Лаўроў: Выкананне мінскіх дамоўленасцей будзе перанесена на наступны год

Мінск, 6 лістапада. Выкананне мінскіх дамоўленасцяў перанясецца на наступны год, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 6 лістапада ў Берліне па выніках чарговага раўнда перамоў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў "нармандскай чацвёркі" — Украіны, Германіі, Францыі і РФ.

"Няма ніякага сумнення, што мінскія дамоўленасці будуць дзейнічаць датуль, пакуль яны не будуць поўнасцю выкананыя. Простае супастаўленне такіх фактаў, як неабходнасць распрацоўкі агульнапрымальнага ўкраінскага закона аб мясцовых выбарах у Данбасе, і таго, што пасля прыняцця гэтага закона спатрэбіцца 90 дзён для падрыхтоўкі выбараў, паказвае, што да канца года мы гэтага зрабіць не зможам. Выкананне Мінска перанясецца на наступны год", — прыводзіць словы Лаўрова прэс-служба расійскага МЗС.

Паводле слоў міністра, для ўсяго мінскага комплексу мер асаблівае значэнне мае вырашэнне пытанняў палітычнай рэформы. "Гэтаму была нададзена галоўная ўвага нашых кіраўнікоў — лідараў "нармандскай чацвёркі" ў Парыжы (2 кастрычніка. — БелаПАН.), — адзначыў Лаўроў. — Гэта прадугледжвае найперш узгадненне закона аб правядзенні мясцовых выбараў у Данбасе, правядзенне амністыі і ажыццяўленне канстытуцыйнай рэформы, якая замацоўвае спецыяльны статус Данбаса ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі на пастаяннай аснове".

"Па ўсіх гэтых аспектах урэгулявання ўкраінскага крызісу, у строгай адпаведнасці з мінскім дакументам ад 12 лютага, мы будзем накіроўваць сігналы кантактнай групе і ўдзельнікам рабочых падгруп, каб усе гэтыя аспекты былі ў цэнтры ўвагі і каб па ўсіх з іх былі знойдзеныя дамоўленасці", — заявіў кіраўнік МЗС РФ.

Апошняе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія) прайшло 27 кастрычніка. Наступнае запланавана на 17 лістапада. Мінскія дамоўленасці павінны быць выкананыя да канца гэтага года.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН