Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/11/24/816328_816333/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:17
24.11.2015 18:26 Палітыка

Прэс-сакратар Кучмы: Кантактная група абмяркоўвала рэзкае павелічэнне колькасці абстрэлаў і парушэнняў спынення агню

Мінск, 24 лістапада. Падчас відэаканферэнцыі ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны 24 лістапада былі заслуханыя даклады прадстаўнікоў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ і Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі. Аб гэтым паведаміла ў "Фейсбуку" Дар'я Аліфер, прэс-сакратар прадстаўніка Украіны на перамовах Леаніда Кучмы.

"Украінскі бок яшчэ раз пацвердзіў, што поўнасцю выканаў узятыя на сябе абавязацельствы па адводзе ваеннай тэхнікі калібрам менш як 100 мм", — піша Аліфер. Паводле яе слоў, дакладчыкі адзначалі "рэзкае павелічэнне колькасці абстрэлаў і выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню за апошнія 10 дзён".

Кантактная група лічыць, што прадстаўнікі місіі АБСЕ павінны быць дапушчаныя на не падкантрольную Украіне частку ўкраінска-расійскай мяжы. Акрамя таго, неабходна найбліжэйшым часам павялічыць колькасць беспілотнікаў і прыбораў відэаназірання ў распараджэнне місіі.

"У самыя кароткія тэрміны неабходна актывізаваць працэс вызвалення асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца, у фармаце "ўсіх на ўсіх". Гэты працэс павінен завяршыцца да канца 2015 года. Найперш гэта датычыцца вызвалення найбольш уразлівых асоб — жанчын і тых, хто востра мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе", — піша прэс-сакратар Кучмы.

Кантактная група даручыла рабочай падгрупе па бяспецы дэталёва прапрацаваць усе пытанні, звязаныя з усталяваннем рэжыму цішыні ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе. "Поўнае спыненне агню з'яўляецца першай і базавай умовай для далейшага поспеху ў працы трохбаковай кантактнай групы над вырашэннем гуманітарных, эканамічных і палітычных пытанняў. Менавіта бяспека, у прыватнасці, працэс размініравання, з'яўляецца залогам аднаўлення Данбаса", — адзначае Аліфер.

Нагадаем, удзельнікі кантактнай групы па Украіне сёння размаўлялі ў рэжыме відэаканферэнцыі, тады як у мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" праходзілі сустрэчы ўсіх чатырох падгруп: па эканамічных, гуманітарных, палітычных пытаннях і па пытаннях бяспекі. Чакаецца, што палітычная падгрупа прадоўжыць працу заўтра.

Перамовы традыцыйна праходзілі ў закрытым для прэсы рэжыме.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН