Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/11/26/816842_816845/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:19
26.11.2015 17:34 Палітыка

Кучма: Абмен палоннымі можна завяршыць да канца 2015 года

Мінск, 26 лістапада. Прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма заклікаў самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі актывізаваць працэс абмену палоннымі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Кучмы, распаўсюджанай яго прэс-сакратаром Дар'яй Оліфер у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

"Наша праца ў межах мінскага працэсу ідзе няпроста — гэта і праблемы бяспекі, і праца палітычнай падгрупы, — зазначыў Кучма. — І пакуль што ў мяне няма падстаў казаць, што мінскія пагадненні будуць выкананыя сёлета. Але ёсць пункт дамоўленасцей, якія можна рэалізаваць яшчэ да канца 2015 года — гэта абмен палоннымі".

"Я заклікаю прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей актывізаваць працэс абмену заложнікамі — найперш вызваліць цяжка параненых людзей, якім вельмі патрэбная медыцынская дапамога. Украінскі бок рабіў і працягвае рабіць усё магчымае і неабходнае для выканання гэтага пункта пагадненняў", — заявіў былы прэзідэнт Украіны.

Перамовы кантактнай групы ў рэжыме відэаканферэнцыі адбыліся 24 лістапада. У гэты ж дзень у Мінску ў закрытым для прэсы рэжыме прайшлі пасяджэнні ўсіх яе падгруп: па бяспецы, па эканоміцы, па гуманітарных і палітычных пытаннях. Палітычная падгрупа працягвала сваё пасяджэнне на працягу трох дзён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН