Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/02/817912_817915/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:00
02.12.2015 15:18 Грамадства

Авіярамонтны завод у Баранавічах выканаў тры кантракты па капітальным рамонце авіятэхнікі ў інтарэсах Узброеных сіл Беларусі

Мінск, 2 снежня. За апошнія гады 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах выканаў тры кантракты па капітальным рамонце авіятэхнікі ў інтарэсах Узброеных сіл Беларусі, паведаміў БелаПАН прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк.

Ён адзначыў, што 1 снежня на аэрадроме ў Баранавічах адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ў 61-ю знішчальную авіябазу ВПС і войскаў СПА УС Беларусі васьмі знішчальнікаў МіГ-29, адрамантаваных на ААТ "558-ы Авіяцыйны рамонтны завод". Напярэдадні Міністэрства абароны паведаміла, што перадало 10 такіх самалётаў.

Самалёты паступілі на завод на планавы капітальны рамонт у красавіку 2014 года. На адным з іх выкананы трэці капітальны рамонт, на астатніх — другі. Як адзначыў галоўны інжынер — першы намеснік дырэктара ААТ "558-ы АРЗ" Андрэй Тучын, "яшчэ ні ў адной краіне, ні на адным заводзе самалёты не праходзілі другі капітальны рамонт".

Паводле слоў Уладзіміра Лаўранюка, магчымасць правядзення такіх рамонтаў — паказчык якасці работ, якія выконваюцца на баранавіцкім прадпрыемстве.

Ён падкрэсліў, што ААТ "558-ы АРЗ" мае вялікі вопыт рамонту, мадэрнізацыі і комплекснай лагістычнай падтрымкі самалётаў тыпу МіГ-29. З 1994 года па гэты час на прадпрыемстве выкананы капітальна-аднаўленчы рамонт 148 самалётаў гэтага тыпу, у тым ліку на 30 самалётах выкананы другі планавы рамонт, на адным — трэці.

Упершыню другі планавы рамонт самалёта тыпу МіГ-29 быў ажыццёўлены на заводзе ў 2008 годзе. Па выніках даследавання тэхнічнага стану першых самалётаў тыпу МіГ-29, якія паступілі ў другі планавы рамонт на ААТ "558-ы АРЗ", сумесна са спецыялістамі распрацоўшчыка самалёта (АТ "РСК "МіГ") была распрацавана тэхнічная дакументацыя для выканання другога планавага рамонту.

Цяпер ААТ "558-ы АРЗ" серыйна выконвае другі капітальны рамонт самалётаў тыпу МіГ-29 пры канструктарска-тэхналагічнай падтрымцы распрацоўшчыка самалёта з выкананнем усіх бюлетэняў і тэхнічных заданняў, неабходных для працягу прызначаных рэсурсных паказчыкаў.

Акрамя таго, у 116-ю штурмавую авіяцыйную базу ВПС і войскаў СПА УС Беларусі ў Лідзе перададзеныя два вучэбныя баявыя самалёты Су-25УБ, якія таксама прайшлі капітальна-аднаўленчы рамонт на ААТ "558-ы АРЗ".

Раней для 61-й заб былі капітальна адрамантаваныя яшчэ два МіГ-29.

Як падкрэсліў прадстаўнік Дзяржкамваенпарама, ААТ "558-ы АРЗ" дынамічна развіваецца, эканамічна паспяховае і лідзіруе ў сваёй галіне, далёка вядомае за межамі краіны як сур'ёзнае і надзейнае прадпрыемства па рамонце і мадэрнізацыі авіяцыйнай тэхнікі. Яно ажыццяўляе поўны цыкл рамонту планера і ўсіх камплектуючых вырабаў самалётаў МіГ-29, Су-27, Су-25, Су-22, Ан-2, верталёты Мі-8 і Мі-24.

Выконваецца таксама комплекс дапрацовак авіяцыйнай тэхнікі і дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы, якія павышаюць яе надзейнасць. Асаблівая ўвага пры рамонце надаецца дэфектацыі з прымяненнем сучасных метадаў неразбуральнага кантролю магнітнага, токавіхравога, рэзананснага, рэнтгена-тэлевізійнага і іншых. Наяўнасць акрэдытаванай Цэнтральнай заводскай лабараторыі і прымяненне трохступенчатай сістэмы ўваходнага кантролю дазваляюць прад'яўляць жорсткія патрабаванні да ўсіх матэрыялаў і дэталей, якія прымяняюцца пры рамонце.

Уладзімір Лаўранюк асабліва падкрэсліў, што на заводзе ўкаранёныя самыя сучасныя і нават унікальныя тэхналагічныя працэсы аднаўлення дэталей авіяцыйнага і радыёэлектроннага абсталявагга самалётаў і верталётаў. "Прыцягненне навукова-даследчых інстытутаў Беларусі да ацэнкі новых метадаў рамонту дазваляе гарантаваць яго надзейнасць", — падкрэсліў ён.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239