Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/02/818016_818018/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:47
02.12.2015 20:14 Палітыка

Павел Клімкін: Украіна ацэніць магчымыя рызыкі ў выпадку паяўлення расійскай ваеннай базы ў Беларусі і прыме адпаведныя рашэнні

Мінск, 2 снежня. У выпадку паяўлення расійскай ваеннай базы ў Беларусі Украіна ацэніць магчымыя рызыкі і прыме адпаведныя рашэнні, заявіў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін 2 снежня журналістам у Бруселі пасля пасяджэння камісіі "Украіна — НАТО".

"З пункту гледжання ваенных аб'ектаў, Беларусь уваходзіць у ваенны альянс з Расіяй, і Беларусь будзе прымаць рашэнні па гэтых ваенных аб'ектах. Мы маглі і можам супрацьстаяць расійскай агрэсіі, мы ў стане абараніць сябе. Магчымыя рызыкі нам трэба ацаніць, але з-за таго што на гэты момант няма там ніякіх ваенных магутнасцей, мы на сто працэнтаў гэтыя магчымыя рызыкі не бачым. Калі яны будуць — тады мы будзем прымаць адпаведныя рашэнні", — цытуе кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі агенцтва Інтэрфакс-Украіна.

У верасні Уладзімір Пуцін распарадзіўся падпісаць пагадненне аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі.

Праз некалькі тыдняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. "Нам не патрэбная база сёння, тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Аб чым я публічна таксама казаў Пуціну і раней Мядзведзеву", — зазначаў Лукашэнка 6 кастрычніка.

Пазней ён не аднойчы закранаў гэту тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расійская авіябаза ў Беларусі не патрэбная.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН