Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/15/820658_820660/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:19
15.12.2015 19:14 Палітыка

Бакі канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны павінны перадаць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа спісы зніклых без вестак

Мінск, 15 снежня. Бакі канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны павінны перадаць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) спісы зніклых без вестак. Такі вынік працы падгрупы па гуманітарных пытаннях трохбаковай кантактнай групы 15 снежня ў Мінску, паведаміла ў "Фэйсбуку" упаўнаважаная прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні сітуацыі на Данбасе Ірына Герашчанка, якая ўдзельнічала ў перамовах.

Паводле яе слоў, бакі таксама павінны паскорыць пошукі зніклых без вестак і ідэнтыфікацыю загінулых.

Згодна са звесткамі Герашчанкі, у спісе зніклых без вестак, сабраным міжведамаснай групай пры Службе бяспекі Украіны, 762 чалавекі, сярод якіх 413 цывільных асоб.

"Таксама мы выступілі з прапановай, каб у наступным пасяджэнні ўзялі ўдзел і прадстаўнікі МКЧК. Больш за тое, на працягу года місія МКЧК ажыццявіла больш за 100 візітаў ва ўкраінскія турмы, дзе змаглі пагутарыць больш як з 500 затрыманымі за цяжкія злачынствы. У сваю чаргу, яе ні разу не дапусцілі ў засценкі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей", — адзначыла прадстаўнік украінскага прэзідэнта.

Герашчанка ўдакладніла, што Украіна настойвае "на сістэмнай, сістэматызаванай і ўважлівай працы" па пошуку зніклых без вестак. "На жаль, гэта немагчыма без пазіцыі РФ і падкантрольных ёй баевікоў, якія традыцыйна тармозяць рашэнне ўсіх гуманітарных пытанняў", — лічыць яна.

Кажучы пра заложнікаў, Герашчанка падкрэсліла, што сітуацыя знаходзіцца "за гранню". "Зноў шантаж і патрабаванне закона аб амністыі, невыразная і незразумелая пазіцыя наконт нядопуску Чырвонага Крыжа да палонных, у тым ліку і цяжкапараненых", — паведаміла прадстаўнік прэзідэнта і дадала, што гуманітарная падгрупа падрыхтавала поўную справаздачу аб сітуацыі з палоннымі.

Паводле яе слоў, тэма вызвалення асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца, будзе ўзнятая на наступным пасяджэнні кантактнай групы — 22 снежня. "Павінен быць не проста аналіз сітуацыі, а названыя канкрэтныя адказныя за пакуты людзей, за зрыў вызвалення, за пастаяннае "валаводжанне", за бессістэмнасць і хлусню", — адзначыла Герашчанка.

Чарговы раўнд перамоў па Украіне праходзіць 15 снежня ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна ў закрытым для прэсы рэжыме.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН