Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/16/820901_820905/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 17:21
16.12.2015 18:01 Эканоміка, Грамадства

Рух па першым участку МКАД-2 поўнасцю адкрыты

Мінск, 16 снежня. 16 снежня поўнасцю адкрыты рух па першым участку другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска на ўчастку ад аўтамабільнай дарогі Р-28 Мінск — Маладзечна — Нарач да аўтамабільнай дарогі М-6 Мінск — Гродна, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.

Такім чынам, адзначылі ў Мінтрансе, для аўтатранспарту становяцца поўнасцю даступнымі каля 47 кіламетраў новай аўтатрасы, якая аб'яднала віцебскую і гродзенскую шашу. Гэта першы этап узвядзення МКАД-2, які быў падзелены на пяць чэргаў. На першых трох з іх работы былі завершаныя раней — 6 кастрычніка адбылося іх урачыстае адкрыццё з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Як адзначаюць у Мінтрансе, з пускам руху па першым участку МКАД-2 з'явілася магчымасць накіраваць транзітныя патокі з гродзенскага і віцебскага напрамкаў у абход сталіцы. Новая дарога з'яўляецца бясплатнай і ўвядзенне платы за праезд па ёй не плануецца.

Чатырохпалосная дарога з цэментабетонным пакрыццём адказвае сучасным патрабаванням: па дзве паласы руху ў кожным напрамку, масты і пуцеправоды, якія падзяляюць транспартныя патокі, двухбаковая бар'ерная агароджа па восі дарогі для выключэння лабавых сутыкненняў, сеткавая загарода ад жывёл уздоўж трасы ў раёне лясных масіваў, светлавыя табло для інфармавання вадзіцеляў аб сітуацыі на дарозе і інш.

Рашэнне аб узвядзенні другой МКАД было прынятае яшчэ ў 2010 годзе, але да актыўнай працы па яе будаўніцтве прыступілі ў 2014 годзе пасля даручэнняў Лукашэнка. Мэта праекта — разгрузіць сталіцу ад транзітнай плыні аўтамабіляў, палепшыць экалагічнае становішча.

У цэлым будаўніцтва МКАД-2 падзелена на два этапы. Работы па першым з іх ужо завяршаюцца. На другім этапе плануецца пабудаваць дарогу працягласцю 41,4 кіламетра, якая аб'яднае гродзенскую і брэсцкую шашу. Гэтыя работы плануецца завяршыць у 2017 годзе. Усяго агульная працягласць МКАД-2 складзе прыкладна 160 км: новае будаўніцтва — каля 90 кіламетраў, а таксама існуючыя ўчасткі аўтадарог М-1/Е30, М-2 і Р-80 — 70 кіламетраў.

Заказчыкам будаўніцтва з'яўляецца РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр", праекціроўшчыкам — РУП "Белгіпрадар". Работы на аб'екце выконваюць падрадныя арганізацыі холдынгу "Белаўтадар", навукова-тэхнічнае суправаджэнне ажыццяўляе ДП "БелдарНДІ".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239