Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/22/822177_822182/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:37
22.12.2015 17:08 Палітыка

У Мінску пачалося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 22 снежня. У Мінску пачалося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. Перад пасяджэннем адбыліся сустрэчы трох падгруп кантактнай групы: па эканоміцы, па гуманітарных пытаннях і па пытаннях бяспекі.

Раніцай 22 снежня спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Як паведаміла прэс-служба МЗС, суразмоўцы абмеркавалі дзейнасць групы і яе тэматычных рабочых груп, а таксама далейшае садзейнічанне беларускага боку ў арганізацыі працы кантактнай групы. Сённяшняе пасяджэнне кантактнай групы — апошняе ў 2015 годзе.

Як паведаміла напярэдадні Оліфер, сёння будзе заслухана справаздача гуманітарнай падгрупы па вызваленні палонных, найперш тых, хто востра мае патрэбу ў дапамозе ўрачоў. "Украіна ўпэўнена: рэальна дасягнуць істотнага прагрэсу на гэтым пасяджэнні — пры наяўнасці перадусім адпаведнай волі ў прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей", — адзначыла прэс-сакратар Кучмы.

Таксама, паводле слоў Оліфер, будзе заслухана справаздача прадстаўнікоў Сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі бакоў аб забеспячэнні рэжыму спынення агню. "Далейшая праца трохбаковай кантактнай групы, у тым ліку і пытанні для абмеркавання парадку дня, будзе залежаць ад рашэння лідараў краін Нармандскай чацвёркі", — удакладніла яна.

У сваю чаргу прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін, нягледзячы на тое, што падгрупа па палітыцы сёння не збіралася, распаўсюдзіў заяву, у якой сцвярджае, што праект змяненняў у Канстытуцыю Украіны, вынесены на разгляд Вярхоўнай рады, не адпавядае мінскім пагадненням і не ўзгоднены з прадстаўнікамі самаабвешчаных рэспублік.

"З'яўляючыся, па сутнасці, прамым доказам адсутнасці нейкіх мірных намераў афіцыйнага Кіева і імкненняў да пошуку паразумення з Данбасам, гэты дакумент дэкларуе поўнае і абсалютнае ігнараванне мінскіх пагадненняў", — цытуе Пушыліна Данецкае агенцтва навін.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН