Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/23/822324_822332/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:49
23.12.2015 13:33 Палітыка, Грамадства

Прэс-цэнтр АТА: Сепаратысты груба парушаць рэжым поўнай цішыні на Данбасе

Мінск, 23 снежня. З пачатку гэтых сутак у зоне канфлікту на Данбасе сепаратысты сем разоў адкрывалі агонь па пазіцыях украінскіх войскаў, паведамляе ў "Фэйсбуку" прэс-цэнтр штаба Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА).

"Прарасійскія незаконныя ўзброеныя фарміраванні працягваюць груба парушаць апошнія дамоўленасці аб рэжыме поўнай цішыні ў зоне правядзення АТА", — адзначае прэс-цэнтр. Пры гэтым удакладняе, што фарміраванні самаабвешчаных рэспублік выкарыстоўвалі комплексы "Град".

"Акрамя двух выпадкаў выкарыстання баявікамі зброі, якія былі зафіксаваныя адразу пасля паўночы, яны яшчэ пяць разоў спрабавалі справакаваць нашых салдат на адкрыццё агню ў адказ", — інфармуюць у штабе АТА.

Паводле меркавання ўкраінскага боку, гэтыя "абуральныя выпадкі парушэння ўмоў спынення агню" сведчаць пра негатоўнасць сепаратыстаў да мірнага дыялогу і выканання мінскіх дамоўленасцяў. Пры гэтым сцвярджаецца, што ўкраінскія ваенныя дакладна прытрымліваюцца дамоўленасцяў і "на правакацыі не паддаюцца".

У сваю чаргу прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік пакуль не заяўляюць аб парушэнні рэжыму спынення агню з боку ўкраінскіх узброеных сіл, а сцвярджаюць адваротнае. Як паведамляе Данецкае агенцтва навін, "украінскія сілавікі ноччу пасля сустрэчы кантактнай групы ў Мінску не абстрэльвалі жылыя масівы ў прыфрантавых гарадах і раёнах ДНР".

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны паводле вынікаў пасяджэння 22 снежня ў Мінску заклікала бакі канфлікту да поўнага спынення агню з 0.00 23 снежня. "Мы выказваем надзею і чаканні, што жыхары ўсходняй Украіны змогуць у поўнай бяспецы і міры сустрэць Новы год, адсвяткаваць Раство і захаваць мірныя ўмовы жыцця ў далейшым", — заявіў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН