Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/24/822664_822665/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:14
24.12.2015 22:31 Палітыка

МЗС Украіны заклікала Расію спыніць сабатаж мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 24 снежня. Выконваць мінскія пагадненні ў чарговы раз заклікала Расію ўкраінскае МЗС.

"Толькі паслядоўная імплементацыя Расіяй усіх элементаў дээскалацыі і спыненне сабатажу ёю рашэнняў ТКГ (трохбаковай кантактнай групы. — БелаПАН.) дазволіць стварыць перадумовы для поўнага выканання мінскіх дамоўленасцяў", — гаворыцца ў заяве, што паступіла ў БелаПАН са знешнепалітычнага ведамства вечарам 24 снежня.

Украіна "рашуча асуджае чарговае парушэнне Расіяй і кантраляванымі ёю баевікамі рэжыму спынення агню, якое падрывае дасягнутую ў межах апошняга пасяджэння ТКГ (22 снежня ў Мінску. — БелаПАН.) дамоўленасць аб рэжыме цішыні на перыяд навагодніх святаў (з 0 гадзін 23 снежня. — БелаПАН.)".

МЗС зазначае, што толькі на працягу мінулых сутак баевікі 51 раз прымянялі зброю, у тым ліку забароненыя мінскімі пагадненнямі сістэмы "Град". Ад абстрэлаў рэактыўнымі снарадамі пацярпелі "таксама жылыя кварталы".

"Пастаяннае павелічэнне колькасці парушэнняў з боку Расіі і яе баевікамі на працягу апошніх месяцаў з прымяненнем цяжкай тэхнікі, якая мусіла быць адведзеная, сведчыць пра свядомае знішчэнне акупацыйнымі сіламі лёгкаразбуральных элементаў стабілізацыі і пра іх гатоўнасць да эскалацыі ў любы момант", — мяркуюць ва ўкраінскім МЗС.

На думку Кіева, без спынення агню, вываду расійскіх войскаў і тэхнікі, давання поўнага доступу АБСЕ на ўсю акупаваную тэрыторыю, уключаючы некантраляваны ўчастак мяжы, "стабілізацыя бяспечнай сітуацыі немагчымая".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН