Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/12/30/823457_823462/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:50
30.12.2015 20:30 Палітыка

Крэмль: Лідары краін "нармандскай чацвёркі" дамовіліся працягнуць дзеянне мінскіх пагадненняў на 2016 год

Мінск, 30 снежня. Лідары краін "нармандскай чацвёркі" дамовіліся працягнуць дзеянне мінскіх пагадненняў на 2016 год, паведаміла прэс-служба Крамля па выніках тэлефоннай размовы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам і прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якая прайшла 30 снежня.

"Лідары грунтоўна абмеркавалі напружаную і нестабільную сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны ў кантэксце рэалізацыі ўзгодненых 12 лютага 2015 года ў Мінску дамоўленасцей. Вырашана працягнуць тэрмін іх дзеяння на 2016 год. Адзначана важнасць далейшай работы кантактнай групы ў мэтах поўнай і ўсёабдымнай рэалізацыі мінскага комплексу мер", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

"Падкрэслена прынцыповая неабходнасць дакладнага выканання рэжыму спынення агню на лініі сутыкнення ў Данбасе. Гэта стварала б перадумовы для ажыццяўлення задач, звязаных з далейшым прасоўваннем палітычнага ўрэгулявання, — адзначае прэс-служба Крамля. — Вырашана, у прыватнасці, актывізаваць дыскусіі ў кантактнай групе, арыентаваныя на найхутчэйшую выпрацоўку і прыняцце закона аб мясцовых выбарах у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.

Міністрам замежных спраў Расіі, Германіі, Францыі і Украіны "даручана правесці ў пачатку 2016 года дакладную інвентарызацыю ходу выканання мінскіх дамоўленасцей". Будуць прадоўжаны "і асабістыя кантакты кіраўнікоў чатырох краін".

Прэс-служба Парашэнкі паведаміла па выніках перамоў, што ўкраінскі кіраўнік "праінфармаваў аб эсклацыі на Данбасе ў апошнія тыдні і падкрэсліў недапушчальнасць невыканання мінскіх дамоўленасцей Расіяй і прарасійскімі баевікамі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што АБСЕ павінна атрымаць поўны доступ да ўсёй акупаванай тэрыторыі і да мяжы. Ён "у чарговы раз адзначыў неабходнасць вываду ўсіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Украіны".

Суразмоўцы "дамовіліся аб неабходнасці поўнага спынення агню". "Яны заклікалі ў пачатку 2016 года актывізаваць працу ў трохбаковай кантактнай групе над мадальнасцямі правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Да гэтай працы павінна быць прыцягнута Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека", — адзначаецца ў паведамленні. У гэтым кантэксце прэзідэнт Украіны "адзначыў неабходнасць адмены фейкавых "выбараў", якія прызначылі прарасійскія баевікі".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН