Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/02/823744_823745/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2020 15:06
02.01.2016 16:20 Грамадства

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначае сваё 70-годдзе

Мінск, 2 студзеня. У мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі 2 студзеня прайшла святая імша з нагоды юбілею мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

3 студзеня кіраўніку беларускага касцёла спаўняецца 70 гадоў. Непасрэдна ў дзень сваёго нараджэння іерарх будзе цэлебраваць дзве імшы ў архікатэдральным касцёле — у 11.30 і 13.00, паведамляе сайт catholic.by.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна. Скончыўшы сярэднюю школу, Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачаннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. У 1964 годзе Кандрусевіч паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў з адзнакай, атрымаўшы дыплом інжынера-механіка. Пасля заканчэння ўніверсітэта да 1976 года працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1976 годзе Кандрусевіч паступіў у духоўную семінарыю ў Каўнасе (Літва), скончыў яе ў 1981 годзе і быў пасвечаны ў духоўны сан. У 1985 годзе ён атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, у 1988-м — абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

У ліпені 1989 года папа рымскі Ян Павел ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. У Беларусі біскуп Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, садзейнічаў вяртанню вернікам і адкрыццю больш чым 100 раней закрытых касцёлаў, выданню "Парадку імшы" і "Катэхізіса" на беларускай мове. У 2002 годзе ён быў прызначаны мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве, а ў верасні 2007-га — кіраўніком Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы.

Тадэвуш Кандрусевіч валодае беларускай, рускай, польскай, англійскай і італьянскай мовамі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239