Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/12/825050_825053/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:31
12.01.2016 16:02 Грамадства

Пенсіянер пагражаў узарваць жылы дом у Мінску

Мінск, 12 студзеня. У Мінску затрыманы мужчына, які пагражаў узарваць жылы дом.

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, 10 студзеня каля 20.30 у Фрунзенскае РУУС паступіла інфармацыя ад жыхара дома № 64 па праспекце Пушкіна аб тым, што яго сусед пагражае ўзарваць дом. Пасля сваркі з суседзямі мужчына прадэманстраваў самаробную прыладу, падобную на выбуховую, і выказаў намер прывесці яе ў дзеянне.

На месца здарэння неадкладна выбыў найбліжэйшы нарад міліцыі, які затрымаў падазронага. Былі эвакуяваныя жыхары суседніх кватэр. Сапёрна-піратэхнічнай групай меркаваная выбуховая прылада абясшкоджана.

У ходзе агляду месца здарэння следча-аператыўнай групай канфіскаваны пісталет і стрэльба для падводнага палявання, 200 г пораха, шэсць тканкавых мяшочкаў са шротам, каля 200 спартыўна-паляўнічых патронаў калібру 5,6 мм і больш за 130 капсуляў.

Згодна з медыцынскім аглядам затрыманы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Высветлілася, што 62-гадовы мінчанін нідзе не працуе, жыве адзін. Раней быў паляўнічым, аднак некалькі гадоў таму тэрмін дзеяння адпаведнай ліцэнзіі закончыўся.

Паводле заключэння спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, знойдзеныя патроны з'яўляюцца боепрыпасамі да агнястрэльнай зброі.

Распачатая справа па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Прызначаны шэраг спецыяльных экспертных даследаванняў, у тым ліку па прыладзе, у склад якой уваходзілі порах, батарэйкі, правады і выключальнік.

Прымаючы да ўвагі шэраг звестак і рэчавых доказаў, атрыманых у ходзе першапачатковых следчых дзеянняў, улічваючы асаблівасці паводзінаў падазронага, следствам прынята рашэнне хадайнічаць перад пракурорам аб абранні ў дачыненні да мінчаніна меры стрымання ў выглядзе зняволення пад варту і прызначэнні судовай псіхіятрычнай экспертызы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239