У Мінску пачалася сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне
Мінск, 13 студзеня. У Мінску пачалася сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.
Паводле інфармацыі Оліфер, у мінскіх перамовах упершыню ўдзельнічае новы прадстаўнік Расіі Барыс Грызлоў, прызначаны на гэтую пасаду расійскім прэзідэнтам 26 снежня мінулага года. Чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе праходзіць 12—13 студзеня ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна ў закрытым для прэсы рэжыме.
Грызлоў 11 студзеня наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з украінскім прадстаўніком у кантактнай групе Леанідам Кучмам. Оліфер паведаміла ў "Фэйсбуку", што на сустрэчы абмяркоўвалася падрыхтоўка да пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 13 студзеня. Паводле інфармацыі ўкраінскага выдання "Зеркало недели", у Кіеве Грызлоў таксама сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтай сустрэчы няма.
У той жа дзень Кучма сустрэўся ў Кіеве са спецпрадстаўніком дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцінам Сайдзікам.