Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/13/825338_825340/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:53
13.01.2016 19:18 Палітыка, Эканоміка

Беларусь не змагла дамовіцца з Расіяй аб скідцы на газ

Мінск, 13 студзеня. Дамоўленасці па скідцы на расійскі газ для Беларусі ў 2016 годзе няма, заявіў 13 студзеня ў Маскве намеснік міністра энергетыкі Расійскай Федэрацыі Анатоль Яноўскі.
"Пакуль не дамовіліся, новай даты сустрэчы няма", — сказаў ён наконт перамоў, якія вялі віцэ-прэм'еры Расіі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Уладзімір Сямашка.

Пры гэтым, паводле інфармацыі ТАСС, Яноўскі дадаў, што размова ідзе ўжо не аб 10-працэнтным зніжэнні, яны прыйшлі з іншымі прапановамі — "абсалютнымі лічбамі".

Як паведамляў БелаПАН, 16 снежня віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што бачыць "падставы для істотнага зніжэння цаны расійскага газу з 1 студзеня" і што дамовіцца аб канкрэтнай цане і падрыхтаваць адпаведныя дакументы бакі плануюць да 21 снежня. Паводле інфармацыі Сямашкі, цяпер цана за расійскі газ на мяжы Беларусі складае 142 долары 37 цэнтаў за тысячу кубаметраў.

18 снежня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі паведаміў журналістам, што Мінск і Масква працягваюць перамовы аб зніжэнні ў 2016 годзе цаны на мяжы за расійскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь. "Цяпер ідуць абмеркаванні, кансультацыі з расійскім бокам аб зніжэнні кошту газу на мяжы. Тое, што ў нас ёсць падставы аб гэтым гаварыць, — гэта факт. Я спадзяюся, зніжэнне складзе каля 10 долараў (за тысячу кубаметраў. — БелаПАН.), дзесьці так", — сказаў Закрэўскі.

20 снежня ў інтэрв'ю тэлеканалу ОНТ пасол РФ у Мінску Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што цана на газ для Беларусі ў 2016 годзе можа скласці ад 135 да 140 долараў за тысячу кубаметраў. "У нас цэны на энерганосьбіты для Беларусі, як гэта належыць найбліжэйшым партнёрам і партнёрам па Еўразійскім эканамічным саюзе, — унутрырасійскія, — падкрэсліў пасол. — Я думаю, што нейкія зрухі яшчэ могуць быць па газе, на нейкую колькасць долараў. <…> Цяпер 142 долары за тысячу кубаметраў. Можа аказацца ў раёне ад 140 да 135 долараў. Рух на сусветных рынках ідзе ўніз. І па нафце магчымы нейкія дамоўленасці".

Яшчэ ў канцы лістапада Уладзімір Сямашка наконт гэтага заяўляў: "Цэны рэзка ўпалі. Ёсць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створана рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі "Лукойла", "Сургутнефцегаза", "Газпромнефці" і "Роснефці" і, натуральна, нашага "Белнафтахіма".

18 снежня прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка паведаміла БелаПАН, што Беларусь і Расія падпісалі індыкатыўны баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў у 2016 годзе, згодна з якім Беларусь атрымае 24 млн. тон расійскай нафты, на 1 млн. тон больш, чым у гэтым. "Пастаўкі ў адказ у Расію складуць 1 млн. тон беларускага бензіну", — сказала прадстаўнік "Белнафтахіма". Аб цане паставак не паведамлялася.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН