Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/18/826121_826127/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:45
18.01.2016 17:03 Эканоміка, Грамадства

У цэнтры Гомеля праходзіць стыхійны мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў

Гомель, 18 студзеня. Прыблізна 500 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся 18 студзеня на стыхійны мітынг каля будынка Гомельскага аблвыканкама на праспекце Леніна. Акцыя пачалася прыкладна ў 16.00. Яе ўдзельнікі скандуюць: "Дайце нам працу!"

У аблвыканкаме праходзіць нарада рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках вобласці, і падатковай службы па пытаннях працы ІП сёлета.

Да ўдзельнікаў мітынгу выйшла начальнік камітэта эканомікі аблвыканкама Эльвіра Карніцкая, якая прапанавала прысутным прайсці ў залу Дома культуры "Юнацтва" для перамоў. Прадпрымальнікі рашуча адмовіліся, растлумачыўшы гэта тым, што яны 20 гадоў мерзлі зімой на марозе і цяпер няхай начальніца з імі таксама размаўляе на марозе. У сваю чаргу Карніцкая заявіла, што на вуліцы ніхто з імі размаўляць не будзе.

Як паведамлялася раней, днём 18 студзеня ў цэнтры Мінска акцыю салідарнасці з ІП правялі актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яны перадалі ва ўрад прапановы па вырашэнні праблем малога бізнесу.

З 1 студзеня ў Беларусі дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Дакумент абавязвае ІП рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі або даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП караюцца штрафамі, у іх канфіскуюць тавар.

Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН