Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/20/826430_1234by/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:00
20.01.2016 12:48 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па Украіне

Мінск, 20 студзеня. У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.

У "Прэзідэнт-гатэлі" раніцай 20 студзеня аднавілася пачатае напярэдадні пасяджэнне падгрупы па палітычных пытаннях трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Перамовы традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Чакаецца, што сёння пройдуць сустрэчы падгруп па бяспецы і па гуманітарных пытаннях. Падгрупа па эканамічных пытаннях сёння ў Мінску збірацца не будзе, паведамляе Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на прадстаўніка ЛНР Уладзіслава Дзяйнега.

Затым пройдзе пасяджэнне самой кантактнай групы.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 19 студзеня ў Кіеве на сустрэчы з пасланнікамі канцлера Германіі Крыстаферам Хойсгенам і прэзідэнта Францыі Жакам Адыберам абмеркаваў сітуацыю на паўднёвым усходзе краіны. Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, Парашэнка падзякаваў прадстаўнікам Германіі і Францыі за "вельмі важную ролю, якую яны граюць у дэакупацыі часткі Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама ў працягу палітыкі непрызнання анексіі Крыма".

Бакі таксама выказалі занепакоенасць парушэннямі рэжыму спынення агню і перашкодамі ў працы АБСЕ ў зоне канфлікту. "Суразмоўцы таксама адзначылі прагрэс, якога дасягнула Украіна ў выкананні мінскіх пагадненняў, і важнасць каардынацыі сумесных дзеянняў для іх поўнага выканання. Сярод ключавых элементаў было названае поўнае спыненне агню, адвод расійскіх войскаў і тэхнікі, аднаўленне Украінай кантролю над мяжой і вызваленне закладнікаў", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН