Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/26/827337_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:19
26.01.2016 13:46 Эканоміка

Лукашэнка "катэгарычна супраць" змены эканамічнага курсу

Мінск, 26 студзеня. На нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі 26 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не бачыць неабходнасці мяняць курс, якога прытрымліваецца дзяржава.
Ён паведаміў, што абдумваў прапановы ўрада "не адзін дзень і не адзін тыдзень". "І я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, — я на гэта не тое што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага".

"Прашу прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарчую кампанію, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Хлусіць людзям нельга. У адваротным выпадку мы будзем праводзіць так званыя рэформы для сябе, якія народ не прыме, гэта не толькі ўнясе сумятню ў розумы людзей, але і дэстабілізуе становішча, і тады нам спатрэбіцца пры страце кіравальнасці, магчыма, і асобы ўлады, грошай значна больш, чым трэба, дапусцім, сёння для пагашэння знешняга запазычання".

Паводле слоў Лукашэнкі, "урад не павінен быць нейкай канторай". "Ён павінен сёння (прама пра гэта трэба казаць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, у Савеце міністраў распрацаваны праект закона аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні, які дае ўраду паўнамоцтвы карэктаваць гадавыя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Чакалася, што ён паступіць у парламент яшчэ восенню мінулага года, але гэтага не адбылося дагэтуль.

Прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Беларусі зацвярджаюцца прэзідэнтам і да цяперашняга часу на працягу года, нягледзячы на невыкананне прагнозных паказчыкаў, ніколі не карэктаваліся. Між тым структурнае рэфармаванне эканомікі, якое мае на ўвазе ў тым ліку адмену ручнога кіравання, з'яўляецца ўмовай для атрымання Беларуссю новых крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый, і ў прыватнасці МВФ.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН