Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/01/26/827463_589647/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:23
26.01.2016 20:43 Грамадства, Палітыка

Tut.by звярнуўся да начальніка ГУУС і пракурора Мінска ў сувязі са збіваннем свайго супрацоўніка

Мінск, 26 студзеня. ТАА "Тут Бай Медыя" (партал tut.by) накіравала зварот начальніку ГУУС Аляксандру Барсукова і пракурору Мінска Сяргею Хмаруку ў сувязі з затрыманнем і збіваннем журналіста Паўла Дабравольскага супрацоўнікамі АМАПа.

Карэспандэнт tut.by быў затрыманы і збіты ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска, дзе ён знаходзіўся паводле задання рэдакцыі — асвятляў ход судовага працэсу па "справе графіцістаў". Калі двух актывістаў вывелі з залы суда супрацоўнікі АМАПа, Павел пайшоў за імі, фіксуючы тое, што адбываецца, на камеру мабільнага тэлефона. У звароце падкрэсліваецца, што Дабравольскі меў журналісцкае пасведчанне, быў акрэдытаваны для асвятлення судовага працэсу.

"Ажыццяўляць відэаздымку ў калідоры суда, у месцы, даступным для масавага наведвання, заканадаўствам не забаронена", — нагадваюць аўтары звароту.

З боку работнікаў органаў унутраных спраў, якія праводзілі затрыманне актывістаў, "былі ўчыненыя дзеянні, якія груба парушаюць закон". Згодна са словамі Дабравольскага, супрацоўнікі АМАПа павалілі яго і двух затрыманых на падлогу, сталі збіваць нагамі, а потым на працягу 20 хвілін прымушалі ляжаць на падлозе, зневажаючы і абражаючы.

"Аргументы, што прыводзіць у гэты час прэс-служба ГУУС, пра нібыта супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, якое яны вымушаныя былі спыніць з выкарыстаннем фізічнай сілы, не вытрымліваюць ніякай крытыкі: немагчыма сабе ўявіць, каб пры затрыманні двое хлопцаў-актывістаў і тым больш не зацікаўлены ў зыходзе справы журналіст сталі б кідацца на прафесійных супрацоўнікаў АМАПа, якія ў некалькі разоў праўзыходзілі іх лікам і фізічнай сілай, прычым (мяркуючы па характары нанесеных ім цялесных пашкоджанняў) шматкроць. Сведкі, што знаходзіліся ў зале суда, чулі гукі збівання на працягу доўгага часу. Пра збіванне кажуць і сляды пабояў, што засталіся на целе нашага журналіста", — гаворыцца ў звароце.

Партал таксама звяртае ўвагу на абставіны, пры якіх праходзіў суд над Дабравольскім: "Суд прыняў пастанову, грунтуючыся выключна на "сведкавых паказаннях" супрацоўнікаў АМАПа, якія рабілі незаконнае затрыманне і збіванне журналіста". Дабравольскага аштрафавалі на 45 базавых велічыняў (9,45 млн. рублёў).

"Мы абураныя паводзінамі і дзеяннямі супрацоўнікаў АМАПа. Перакананыя, што ніхто не мае права перашкаджаць ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці журналіста і, тым больш, прымяняць гвалт. Яшчэ больш абуральна, калі такія выпадкі адбываюцца не ў зоне узброеных канфліктаў, не на масавых акцыях. У будынку суда — месцы, дзе павінна вяршыцца правасуддзе, — учыняецца беззаконне і бязмежжа", — гаворыцца ў звароце tut.by.

У ТАА "Тут Бай Медыя" мяркуюць, што ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў ўтрымліваюцца прыкметы "як мінімум двух злачынстваў", прадугледжаных арт. 198 (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста) і арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса.

Дабравольскі ўжо звярнуўся з заявай аб супрацьпраўных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ў Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта, а таксама прайшоў працэдуру зняцця пабояў.

"Улічваючы асаблівую грамадскую значнасць захавання законнасці з боку супрацоўнікаў органаў правапарадку, а таксама забеспячэння свабоды слова як аднаго з асноўных правоў чалавека ў цывілізаваным грамадстве, просім уважліва разабрацца ў акалічнасцях гэтай справы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці", — гаворыцца ў звароце.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239