Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/11/830117_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:50
11.02.2016 11:06 Палітыка

Прадстаўнік АБСЕ: Нельга дапусціць замарозкі канфлікту ва Украіне замест яго вырашэння

Мінск, 11 лютага. Нельга дапусціць замаразкі канфлікту ва Украіне замест яго вырашэння, заявіў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік, выступаючы на канферэнцыі "Мінскія пагадненні праз год: дасягненні, выклікі, урокі" 11 лютага ў Мінску.
"Спадзяемся, што ўсе бакі зразумеюць, што неабходна аднавіць цэласнасць Украіны, неабходна спыніць гэты канфлікт. Гэта трэба зрабіць не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы. Нельга казаць пра замарозку канфлікту, бо гэта супярэчыць духу мінскіх пагадненняў", — сказаў Сайдзік.

Ацэньваючы працу групы, ён адзначыў дасягненне пэўных поспехаў. "Нельга казаць, што выкананыя ўсе мінскія дамоўленасці, але мы маем свае поспехі, — сказаў Сайдзік. — Ёсць значны спад колькасці ахвяр канфлікту, у прыватнасці сярод мірнага насельніцтва. Гэта я лічу вельмі важным у працы групы".

Прадстаўнік АБСЕ падкрэсліў, што альтэрнатывы мінскім дамоўленасцям няма. "Бакам складана прыйсці да кампрамісаў па розных пытаннях. Нам патрэбная палітычная воля з боку ўсіх удзельнікаў, каб дасягнуць бяспекі ў рэгіёне. Усе партнёры павінны прадэманстраваць жаданне вырашыць пытанні", — сказаў ён.

На пытанне, як доўга яшчэ трохбаковай кантактнай групе прыйдзецца працаваць над рашэннем канфлікту, Марцін Сайдзік адказаў: "Хацеў бы, каб усё скончылася хутчэй".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН