Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/15/eu_eu_830786_741258/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 14:21
15.02.2016 20:45 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

ЕС зняў большую частку санкцый у дачыненні да Беларусі (дапоўнена)

Мінск, 15 лютага. Еўрасаюз не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных асобаў Беларусі. Такое рашэнне прынятае 15 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі.
Пры гэтым на 12 месяцаў працягнутае эмбарга на пастаўку ўзбраенняў у Беларусь і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікнення ў 1999—2000 гадах апазіцыйных палітыкаў і журналіста. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыя Паўлічэнку (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС).

У дакуменце, тэкст якога апублікаваны на афіцыйным сайце Савета ЕС, адзначаецца, што Еўрасаюз па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і зноў нагадвае, што "адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульных каштоўнасцях, асабліва што да паважання правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону".

У той жа час савет цэніць крокі, зробленыя Мінскам за апошнія два гады для паляпшэння адносінаў з ЕС. Размова, у прыватнасці, ідзе пра актыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве і ў прамежкавай фазе "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі", пра аднаўленне дыялогу па правах чалавека, пачатак перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве па механізме ранняга папярэджання ў энергетычнай галіне. Савет таксама цэніць "канструктыўную ролю Беларусі ў рэгіёне".

У дакуменце згадваецца магчымасць для развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю "ў больш пазітыўным ключы", гаворыцца, што "прагрэс можа быць дасягнуты ў шэрагу галін праз пашырэнне канала камунікацый".

У сувязі з парламенцкімі выбарамі, што маюць адбыцца ў 2016 годзе ў Беларусі, Савет ЕС заклікае беларускія ўлады "неадкладна выканаць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ паводле вынікаў назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2015 года".

Савет асуджае прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі, выказвае шкадаванне з нагоды двух нядаўна вынесеных смяротных прысудаў і заклікае ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены. Адзначаецца, што ў ЕС з нецярпеннем чакаюць запланаваныя на 2016 год экспертныя і грамадскія мерапрыемствы на тэму адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

Акрамя таго, Савет ЕС зноў заклікае беларускія ўлады аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязняў і звяртае ўвагу на неабходнасць забяспечыць свабоду асацыяцый і сходаў, у тым ліку шляхам дазволу рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб`яднанняў. Савет падкрэслівае важнасць актыўнай грамадзянскай супольнасці для сацыяльна-эканамічнага дабрабыту краіны і заклікае ўлады Беларусі дазволіць грамадзянскай супольнасці браць больш актыўны ўдзел у абмеркаванні дзяржаўнай палітыкі.

Савет таксама заклікае ліквідаваць усе перашкоды для свабоднай і незалежнай працы СМІ, уключаючы рэгістрацыю новых выданняў і акрэдытацыю журналістаў.

Савет ЕС нагадвае пра неабходнасць паважаць правы людзей, якія належаць да нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ў ЕС працягнуць пільна сачыць за развіццём сітуацый у вышэйназваных пытаннях.

Савет чакае працягу дыялогу аб правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, чарговы раўнд якога прапанавана правесці вясной у Мінску.

Акрамя таго, ЕС заклікае Мінск выканаць рэкамендацыі, дадзеныя рознымі механізмамі ААН, у тым ліку спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і ўзмацніць супрацоўніцтва Беларусі з Саветам Еўропы "з прыцэлам на паўнавартаснае членства ў гэтай арганізацыі".

Савет ЕС зноў заяўляе пра гатоўнасць садзейнічаць Беларусі ў выкананні яе абавязацельстваў у сферы дэмакратыі і ўсебаковага паважання правоў чалавека. "Савет застаецца адкрытым для далейшага развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, — гаворыцца ў дакуменце. — Савет вырашыў паскорыць ажыццяўленне мер, скіраваных на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю ў сферы эканомікі і гандлю з мэтай мадэрнізацыі Беларусі і яе эканомікі, у тым ліку ўступленне ў СГА і супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Савет заклікае Беларусь паскорыць такія неабходныя эканамічныя рэформы".

"Канкрэтныя крокі Беларусі па паважанні фундаментальных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека застануцца ключавымі пытаннямі пры фарміраванні далейшай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі", — падкрэсліваецца ў рашэнні Савета ЕС.

Упершыню санкцыі ЕС былі ўведзеныя ў 2001 годзе ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, паводле вынікаў якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў права выбірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед.

У красавіку 2006 года ЕС пашырыў спіс да 37 чалавек, адказных, на яго думку, за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У спіс былі ўключаныя Лукашэнка, Генадзь Нявыглас, які ўзначальваў тады Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама яго намеснікі Наталля Пяткевіч і Анатоль Рубінаў. Акрамя таго, у спіс увайшлі Алег Праляскоўскі, Аляксандр Радзькоў, Уладзімір Русакевіч, Віктар Галаванаў, Аляксандр Зімоўскі, Уладзімір Канаплёў, Мікалай Чаргінец.

У кастрычніку 2006 года спіс папоўніўся яшчэ чатырма прозвішчамі — у яго трапілі суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік (за прыгавор экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну), а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун (за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнёрства").

У кастрычніку 2008 года дзеянне санкцый было прыпыненае ў дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў. У спісе засталіся пяць чалавек: Лідзія Ярмошына, Уладзімір Навумаў, Дзмітрый Паўлічэнка, Віктар Шэйман і Юрый Сівакоў.

Дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі ЕС аднавіў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якія завяршыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня, арыштам большасці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, масавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Пасля гэтага чорны спіс неаднаразова мяняўся: некаторыя фізічныя асобы і прадпрыемствы з яго выключаліся, іншыя — уносіліся. У выніку апошняга змянення ў жніўні 2015 года ў спісе заставалася 174 чалавекі і 14 кампаній.

У кастрычніку 2015 года Савет ЕС прыняў рашэнне працягнуць і адначасова замарозіць санкцыі ў дачыненні да 170 фізічных і 10 юрыдычных асобаў Беларусі. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння заканчваецца 29 лютага. Санкцыі былі прыпыненыя у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў — "Белтэхэкспарт", "Белтэх Холдынг", "Спецпрыборсервіс", "Трайпл", "Ракаўскі бровар", футбольны клуб "Дынама", "Прастор-Трэйд", "Акватрайпл", "КварцМелПрам", Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў. У той жа час пад санкцыямі засталіся Навумаў, Шэйман, Сівакоў і Паўлічэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239