Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/16/830869_852369/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:42
16.02.2016 12:19 Эканоміка, Фінансы

Аналітыкі расійскага "Ашчадбанка" лічаць рэзервы Беларусі крытычна нізкімі

Мінск, 16 лютага. Золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся да крытычна нізкага ўзроўню. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі расійскага "Ашчадбанка", каментуючы дынаміку беларускіх рэзерваў у пачатку года.
Эксперты канстатуюць, што за студзень золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 3,6%, або на 149 млн. долараў, да 4 млрд. долараў.

"На гэты момант гэта не больш як 1,8 месяца пакрыцця будучага імпарту, што крытычна мала. Крытычным узроўнем лічыцца аб'ём ЗВР, пры якім забяспечваюцца тры месяцы пакрыцця імпарту", — гаворыцца ў эканамічным аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў "Ашчадбанка".

На думку экспертаў, асноўнымі прычынамі зніжэння аб'ёму золатавалютных рэзерваў сталі выплаты па знешнім доўгу і валютныя інтэрвенцыі Нацбанка на міжбанкаўскім рынку. "Рост золатавалютных рэзерваў у найбліжэйшыя месяцы малаверагодны", — лічаць аналітыкі.

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі, якія падрыхтаваў Нацбанк, прадугледжваюць, што ў 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі вырастуць на 300 млн. долараў. Чакаецца, што рост рэзерваў будзе забяспечаны ў выніку атрымання новых крэдытаў ад міжнародных фінансавых арганізацый.

Першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі заявіў у студзені на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што новую праграму з МВФ Беларусь можа пачаць у студзені-лютым. Разам з тым у прадстаўніцтве фонду ў Мінску БелаПАН у пачатку года заявілі, што некаторыя пытанні ў перамовах з беларускімі ўладамі "застаюцца адкрытымі".

Беларусь ў 2016 годзе таксама разлічвае атрымаць новы крэдыт ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, які больш чым на 80% фармуецца за кошт расійскіх сродкаў.

Пасля сустрэч з кіраўніцтвам Расіі, што адбыліся ў лютым у Сочы, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расійскія ўлады гатовыя падтрымаць беларускую эканоміку.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН