Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/17/831184_831185/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:55
17.02.2016 19:02 Палітыка

Кучма: Без рэалізацыі палажэнняў аб бяспецы рухацца далей у выкананні мінскіх пагадненняў немагчыма

Мінск, 17 лютага. Без рэалізацыі палажэнняў аб бяспецы рухацца далей у выкананні мінскіх пагадненняў немагчыма, заявіў прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма па выніках перамоў у Мінску 17 лютага.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: без рэалізацыі палажэнняў аб бяспецы Мінска рухацца далей у кірунку ўрэгулявання сітуацыі не ўяўляецца магчымым. Якім чынам мы павінны забяспечыць правядзенне мясцовых выбараў на Данбасе, аднаўленне інфраструктуры, паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага становішча жыхароў акупаваных раёнаў, калі ўвесь час адбываюцца абстрэлы, сутыкненні і гэтак далей?" — цытуе Кучму яго прэс-сакратар Дар'я Аліфер у сацыяльнай сетцы "Фейсбук".

Аліфер таксама адзначае, што ўкраінскі бок турбуе сістэматычнае парушэнне рэжыму спынення агню з боку прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. "Пры гэтым мы назіраем, што з кожным днём колькасць абстрэлаў толькі ўзрастае. Так, учора гэтая лічба дасягнула рэкорднага 91 выпадку", — паведаміла яна, падкрэсліўшы, што ўсё часцей сепаратысты выкарыстоўваюць ўзбраенне вялікіх калібраў, а ў спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ няма доступу да ўсіх тэрыторый на паўднёвым усходзе Украіны.

Паводле слоў Аліфер, сёння на перамовах асобная ўвага была нададзена пытанню вызвалення заложнікаў.

Перамовы ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзілі ў закрытым для прэсы рэжыме. Пры гэтым, як паведаміла МЗС Беларусі, па выніках сустрэчы падыход яе ўдзельнікаў да прэсы не запланаваны.

Падгрупы кантактнай групы сёння ў Мінску не збіраліся — іх сустрэчы прайшлі 9 і 10 лютага.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН