Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/18/831248_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 06:29
18.02.2016 11:30 Грамадства

У Беларусь прывязуць ікону з часцінкай цярновага вянка Ісуса Хрыста

Мінск, 18 лютага. З добраславення найсвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла абраз Ісуса Хрыста з часцінкай цярновага вянка будзе прынесены ў Мінск 21 лютага, паведамляе афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы.

Пастаянным месцам знаходжання цярновага вянка з'яўляецца сабор Парыжскай Божай Маці (Парыж, Францыя).

У 9.45 святыня прыбудзе ў Свята-Духавы кафедральны сабор Мінска. Урачыстую сустрэчу іконы ўзначаліць мітрапаліт Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. З 12 гадзін святыня будзе даступная для пакланення вернікаў аж да 16 гадзін 24 лютага.

24 лютага абраз Збавіцеля з часцінкай цярновага вянка будзе прынесены ў Аляксандра-Неўскі храм Мінска, дзе яму можна будзе пакланіцца да 20 сакавіка. Затым святыня будзе знаходзіцца ў Раство-Багародзічным жаночым манастыры Гродна.

27 красавіка абраз адправіцца ва Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр, пасля чаго 9 чэрвеня адбудзе ў Маскву.

Цярновы вянок Збавіцеля з'яўляецца галоўнай хрысціянскай святыняй Парыжа, паведамляе БПЦ. Паводле Евангелля, цярновы вянок быў прыладай Пакутаў Хрыстовых. Рымскія воіны, "сплёўшы вянок цярновы, усклалі яму на галаву".

Пра цярновы вянок згадваюць паломнікі IV—IX стагоддзяў, што наведвалі Іерусалім. Пасля рэліквія была перанесеная ў Канстанцінопаль — сталіцу Візантыі.

У 1204 годзе Канстанцінопаль разрабавалі крыжакі, і цярновы вянок нароўні з іншымі святынямі быў вывезены на Захад. У 1238 годзе яго набыў кароль Францыі Людовік IX Святы. Кароль сустрэў працэсію з цярновым вянком за 40 км ад Парыжа і прайшоў увесь шлах назад пехатой, са святыняй на руках. Спецыяльна для захоўвання цярновага вянка ў Парыжы была ўзведзеная капліца Сэн-Шапель — сусветна вядомы шэдэўр готыкі.

Падчас французскай рэвалюцыі Сэн-Шапель моцна пацярпела, але цярновы вянок ацалеў і быў перададзены ў Нацыянальную бібліятэку. У 1801 годзе імператар Напалеон перадаў святыню архіепіскапу Парыжскаму. З тых часоў яна захоўваецца ў саборы Парыжскай Божай Маці.

У першую пятніцу кожнага месяца здзяйсняецца ўрачысты вынас цярновага вянка для пакланення. Да святыні сцякаюцца паломнікі з розных краін свету. У 2007 годзе перад цярновым вянком адслужыў малебен свяцейшы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239