Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/02/26/832697_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:47
26.02.2016 16:23 Эканоміка, Фінансы

Пратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах за 2015 год вырасла больш чым удвая

Мінск, 26 лютага. На 1 студзеня 2016 года пратэрмінаваная запазычанасць суб'ектаў гаспадарання па крэдытах і пазыках склала 14 трлн. 806,4 млрд. рублёў. За 2015 год яна павялічылася ў 2,25 разу, у тым ліку за снежань 2015 года — на 2,4%.
У цэлым запазычанасць па крэдытах і пазыках склала 567 трлн. 901,3 млрд. рублёў, што ў 1,5 разу больш, чым годам раней, і на 3,8% больш, чым на 1 снежня 2015 года, паведамляе Белстат.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць за год вырасла ў 1,51 разу да 57 трлн. 978.9 млрд. рублёў, за снежань 2015 года — на 0,3%. Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць павялічылася за год на 54,8% і на 1 студзеня 2016 года склала 11 трлн. 891,4 млрд. рублёў. За снежань яна вырасла на 1,5%.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць павялічылася за год на 49,3% да 60 трлн. 416,7 млрд. рублёў, за снежань — на 1,1%. Знешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць павялічылася за год у 1,77 разу і на 1 студзеня 2016 года склала 10 трлн. 450 млрд. рублёў. За снежань 2015 года — знізілася на 2,7%.

Сумарная запазычанасць на 1 студзеня 2016 года склала 921 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 1 студзеня 2015 года на 39%, дэбіторская запазычанасць — 269,8 трлн. рублёў (рост на 23,3% пры росце цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі за гэты перыяд на 16%).

Эканамісты звязваюць рост пратэрмінаванай запазычанасці з немагчымасцю прадпрыемстваў вярнуць выдадзеныя дзяржавай і камерцыйнымі банкамі крэдыты, у тым ліку льготныя.

"Дзяржава ўсяляк спрабуе адцягваць рэформы і ідзе па шляху Савецкага Саюза, які спрабаваў выратаваць сацыялізм. Улады сёння схільныя завальваць грашыма праблемныя прадпрыемствы, каб не дапусціць масавых забастовак, чым праводзіць рынкавыя рэформы", — лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

"Праз год, хутчэй за ўсё, прадпрыемствы, якіх сёння ратуе дзяржава, назапасяць новую запазычанасць. Чаму? Таму што ў рэальнасці іх праблемы з фінансавым становішчам з'яўляюцца не следствам высокіх ставак па крэдытах, а звязаныя з тым, што яны вырабляюць неканкурэнтаздольную прадукцыю і змярцвляюць фінансавыя рэсурсы", — заявіў эканаміст Сяргей Чалы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН