Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/03/02/833468_856974/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:38
02.03.2016 14:01 Грамадства, Эканоміка

Прадстаўнікі Мінжылкамгаса так і не прыйшлі на сустрэчу з журналістамі

Мінск, 2 сакавіка. Прэс-канферэнцыю прадстаўнікоў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, якая павінна была пачацца 2 сакавіка ў 12.30 у Нацыянальным прэс-цэнтры (НПЦ), нечакана адмянілі.
Мерапрыемства было анансаванае НПЦ яшчэ ў канцы мінулага тыдня з паметкай "удакладніць". Пра тое, што прэс-канферэнцыя ўсё ж пройдзе, супрацоўнікі прэс-цэнтра пацвердзілі напярэдадні вечарам.

Блізу прызначанага часу прыкладна паўтара дзесятка журналістаў сабраліся ў НПЦ, аднак прадстаўнікі Мінжылкамгаса так і не з'явіліся. Праз 15 хвілін намеснік дырэктара, начальнік аддзела арганізацыі інфармацыі НПЦ Аляксей Цыбулька сказаў, што арганізатары спрабуюць высветліць, што здарылася, бо яшчэ раніцай прадстаўнікі міністэрства пацвердзілі свой удзел у прэс-канферэнцыі.

Праз яшчэ некалькі хвілін Цыбулька паведаміў, што першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка прыедзе ў прэс-цэнтр праз 5-7 хвілін, ён спазняецца з-за экстраннай нарады. Аднак у 13.00 стала вядома пра адмену прэс-канферэнцыі. Паводле слоў Цыбулькі, першы намеснік міністра прынёс свае прабачэнні і заявіў, што яму трэба ехаць на іншую экстранную нараду.

Варта адзначыць, што журналісты выказалі павышаную цікавасць да прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў ЖКГ, улічваючы сітуацыю, якая склалася ў лютым вакол тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Нагадаем, 22 лютага на нарадзе Аляксандр Лукашэнка абурыўся новымі памерамі тарыфаў. "Неабходныя разлікі былі праведзеныя, але на справе ўсё атрымалася наадварот", — заявіў ён, заслухоўваючы даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе.

"Значыць, надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя згодна з маім загадам тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава. "Досыць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму", — сказаў Лукашэнка.

Ён даручыў да 1 сакавіка падаць яму разлікі тарыфаў на паслугі ЖКГ і папярэдзіў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі даручэннямі, будуць за гэта адказваць.

24 лютага дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведаміў пра распачынанне 13 крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ у сувязі з сітуацыяй вакол тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Справы распачатыя ў кожнай з абласцей і ў Мінску на падставе артыкула Крымінальнага кодэкса "Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў". Згадвалася, што дзеяннямі службовых асоб "нанесеная істотная шкода дзяржаўным і грамадскім інтарэсам у жыллёва-камунальнай сферы, у тым ліку нанесены ўрон грамадзянам Беларусі ў асабліва буйным памеры".

26 лютага кіраўнік КДК Анфімаў заявіў, што тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, якія павінны быць пададзеныя на разгляд Лукашэнкі да 1 сакавіка, будуць зменшаныя ў параўнанні з цяперашнімі. Паводле яго слоў, рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі КДК, Саўміна і Адміністрацыі прэзідэнта, займаецца пералікам тарыфаў зыходзячы з рэальных выдаткаў. Чакаецца, што Лукашэнка зацвердзіць тарыфы і яны не будуць мяняцца да яго асобнага распараджэння.

У студзені 2016 года ў параўнанні са снежнем 2015 года субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі на 33,3%, халодную ваду і каналізацыю — у 3,54 разу. Поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады павысіўся на 83,4%. Электраэнергія падаражэла на 29,5%.

Павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі з'яўляецца адной з умоў выдзялення Мінску крэдыту Міжнароднага валютнага фонду. Аднак ва ўмовах замарожвання і падзення зарплат цяперашняе падаражанне паслуг ЖКГ выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў грамадстве.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239