Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/03/02/833534_412563/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:29
02.03.2016 17:09 Палітыка

Кантактная група па Украіне падпісала ў Мінску пагадненні аб спыненні агню і тэхнічных аспектах размініравання ўздоўж лініі судакранання

Мінск, 2 сакавіка. Паводле вынікаў пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны 2 сакавіка ў Мінску падпісаныя два дакументы, паведамляе ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

У першым пагадненні, якое набывае моц 4 сакавіка, "ідзе гаворка аб спыненні вучэнняў з баявой стральбой ўздоўж 30-кіламетровай зоны ўздоўж лініі судакранання".

"Прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей сумесна з прадстаўнікамі ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі рэгулярна праводзяць такія вучэнні, — піша Оліфер. — Стрэлы падчас такіх вучэнняў маюць правакацыйны характар і могуць пацягнуць за сабой рэакцыю ў адказ, гэтак жа як і залпы гармат падчас баявых дзеянняў. Акрамя таго, СММ (спецыяльная маніторынгавая місія. — БелаПАН.) АБСЕ фіксуе ўсе стрэлы, якія гучаць уздоўж лініі судакранання". "Варта адзначыць, што Украіна не вядзе вучэнняў у гэтай частцы Данбаса", — падкрэслівае Оліфер.

Другі падпісаны дакумент, паводле яе інфармацыі, "тычыцца тэхнічных аспектаў завяршэння размініравання на 12 ўзгодненых участках уздоўж лініі судакранання". У ім "падрабязна распісаныя ўсе дэталі работ па размініраванні, уключаючы агароджванне і маркіроўку тэрыторый, паражоных мінамі ў непасрэднай блізкасці ад кантрольна-прапускных пунктаў", адзначае прэс-сакратар.

Дакументы падпісалі: ад Украіны — Леанід Кучма, ад Расіі — Барыс Грызлоў, ад АБСЕ — Марцін Сайдзік. Да сустрэчы міністраў замежных спраў краін "нармандскай чацвёркі", якая адбудзецца 3 сакавіка ў Парыжы, іх таксама павінны завізаваць кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН