Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/03/21/836158_12345/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:00
21.03.2016 11:10 Грамадства, Эканоміка

Юрыю Чыжу выстаўленае абвінавачанне (дапоўнена)

Мінск, 21 сакавіка. Кіраўніку групы кампаній "Трайпл" Юрыю Чыжу, затрыманаму 11 сакавіка, выстаўленае абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).
Мера стрымання яму засталася ранейшай — утрыманне пад вартай, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Інфармацыі адносна іншых фігурантаў гэтай справы пакуль няма.

Уладальнік групы кампаній "Трайпл" Юрый Чыж быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 11 сакавіка. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 сакавіка старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык, даведаўшыся пра вобшукі ў офісах кампаній, бізнесмен спрабаваў на машыне бегчы за мяжу. Чыж на хуткасці 220 км/гадз рухаўся спачатку ў бок літоўскай, а потым польскай мяжы. Каб яго злавіць, уводзіўся план "Перахоп".

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі, летам мінулага года Чыж і два яго расійскія партнёры звярнуліся ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці намесніка Чыжа Уладзіміра Япрынцава. Падчас расследавання было выяўлена ўхіленне ад выплаты падаткаў у "Трайпле", да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтаму апынуліся ў распараджэнні КДБ 11 сакавіка.

Устаноўлена, што ў 2012 годзе па загадзе Чыжа ў Маскве была створаная фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой першапачаткова не планавалася. Яе заснавальнікам стаў грамадзянін Расіі, які падчас знаходжання Чыжа ў Маскве выконваў функцыі яго памочніка і кіроўцы. "Трайпл" перадаў гэтай фірме права на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц пераводзіў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў Вакульчыка, было досыць шмат.

Нанесены дзяржаве ўрон ацэньваецца ў мільярды рублёў.

ТАА "Трайпл" заснаванае ў 1992 годзе як фірма па аптовым гандлі прамысловымі і харчовымі таварамі. У далейшым кампанія вырасла ў шматпрофільную групу. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце "Трайпла", на сённяшні дзень кампанія працуе ў наступных сферах: будаўніцтва; рытэйл; рэстараны і кафэ; развіццё сеткі АЗС; велнес; вытворчасць безалкагольных напояў; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў; мясцовы турызм; мытныя паслугі; фармацэўтычная вытворчасць; сельская гаспадарка; сацыяльныя праекты.

Юрый Чыж таксама з`яўляецца старшынёй наглядальнага савета футбольнага клуба "Дынама" (Мінск).

У 2012 годзе Чыж быў унесены ў спіс асобаў, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС, як бізнесовец, "які аказвае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз сваё прадпрыемства "Трайпл", актыўнае ў розных сферах беларускай эканомікі". У кастрычніку 2015 года суд ЕС прыняў рашэнне аб адмене абмежавальных мер у дачыненні да Чыжа, кампаніі "Трайпл" і ФК "Дынама" (Мінск) за недаказанасцю абвінавачванняў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239