Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/04/14/840422_412563/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:19
14.04.2016 08:05 Эканоміка, Грамадства

Пачалі дзейнічаць новыя ліміты для бяспошліннага ўвозу міжнародных пасылак

Мінск, 14 красавіка. У Беларусі набылі моц нормы ўказа прэзідэнта № 40, які ўстанаўлівае новыя ліміты для бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных пасылках.
Указ зніжае норму бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях і (або) экспрэс-грузах на адрас аднаго атрымальніка, з 200 еўра і 31 кг да 22 еўра і 10 кг на працягу каляндарнага месяца.

Згодна са звесткамі Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), колькасць міжнародных паштовых адпраўленняў (МПА), увезеных у Беларусь у 2013—2015 гадах, павялічылася больш як у шэсць разоў: у 2013-м — 1,9 млн., у 2014-м — 6,3 млн., у 2015-м — 11,8 млн. штук.

Мытнікі ўдакладняюць: у той час як амаль 90% жыхароў Беларусі наогул не атрымліваюць МПА, больш за 250 тысяч грамадзян атрымліваюць іх ад 10 да 100 і больш на год. У сярэднім на аднаго атрымальніка прыпадае прыблізна 10 МПА, на адзін адрас паступае прыкладна 15 адпраўленняў.

З сённяшняга дня пры атрыманні тавараў коштам звыш 22 еўра і (або) масай большай за 10 кг будуць налічаныя мытныя плацяжы па раней дзейнай стаўцы — 30% ад кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кг. Напрыклад, пры атрыманні пасылкі коштам 50 еўра і масай 2 кг мытныя пошліны, падаткі складуць: (50 - 22) х 30% = 8,4 еўра. Плюс 5 еўра мытнага збору.

Як сцвярджаюць у ДМК, вызначаная ўказам велічыня бяспошліннага ўвозу аналагічная норме, якая прымяняецца ў шэрагу краін ЕС. "Так, напрыклад, у Бельгіі, Чэхіі, Італіі, Фінляндыі, Славакіі, Германіі і іншых краінах норма бяспошліннага ўвозу тавараў у МПА складае 22 еўра. У Швецыі і Францыі ўсе МПА незалежна ад кошту абкладаюцца ПДК", — адзначае ДМК.

Указ не выключае магчымасць бяспошліннага атрымання грошай у лістах з абвешчанай каштоўнасцю ў эквіваленце да 200 долараў.

Тавары, набытыя ў магазінах бяспошліннага гандлю, будуць улічвацца пры разліку лімітаў увозу тавараў для асабістага карыстання цераз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску.

Згодна з указам у выпадку ўвозу тавараў у Беларусь часцей за адзін раз на тры месяцы тавары коштам звыш 300 еўра і (або) вагой большай за 20 кг не будуць адносіцца да тавараў для асабістага карыстання. Пры гэтым нормы бяспошліннага ўвозу тавараў, роўныя 1.500 еўра і 50 кг, працягваюць дзейнічаць.

Указ быў падпісаны 11 лютага. Узмацненне жорсткасці нормаў улады растлумачылі ростам увозу тавараў у камерцыйных маштабах на адрас фізічных асоб без выплаты мытных плацяжоў. Паводле вынікаў абследавання аўтадарожных пунктаў пропуску на мяжы Беларусі, праведзенага Белстатам і ДМК у 2015 годзе, больш за 70% грамадзян, што ўязджалі ў Беларусь, указалі суму расходаў пры паездцы за мяжу да 300 еўра.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН