Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/04/15/840936_840937/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 10:04
15.04.2016 20:52 Эканоміка, Палітыка

Міністр энергетыкі Расіі не бачыць падстаў для змянення цаны на газ для Беларусі

Мінск, 15 красавіка. Міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак не бачыць падстаў для змены пагаднення з Беларуссю аб цане на газ, які пастаўляецца краіне.

"Пытанне абмяркоўваецца, няма ніякіх падстаў мяняць формулу, ім жа "Газпром" таксама выстаўляе рахункі па формуле, якая прапісана ў кантрактах, якія ў іх ёсць. Тут цяпер няма дадатковых юрыдычных падстаў для ўнясення змяненняў у пагадненне", — цытуе словы Новака журналістам ТАСС.

Як паведамлялася раней, "Газпром" лічыць немэтазгодным зніжаць цану на газ для Беларусі. "У нас жа формула з Беларуссю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе дадаем цану транспарціроўкі, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёння прадаваць газ Беларусі танней, чым прадаем яго ў Расіі?" — заявіў намеснік старшыні праўлення "Газпрома" Валерый Голубеў 9 красавіка.

Ён адзначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэння на газ. "Ёсць формулы, напрыклад, звязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расіі, плюс транспарт. Сёння беларускія калегі кажуць — не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць паслядоўнымі", — адзначыў топ-менеджар "Газпрама". Голубеў удакладніў, што цяпер кошт для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў называў галоўнай праблемай прывязку коштаў на расійскія энерганосьбіты да долара. Так, паводле яго слоў, у пачатку 2014 года цана газу для Беларусі складала 165 долараў за тысячу кубаметраў. Гэта было пры курсе расійскага рубля 32—33 за долар. На 1 студзеня 2015 года цана на газ складала 142 долары за тысячу кубаметраў. "Пры гэтым долар стаў каштаваць больш за 60 расійскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць парадку 80 долараў, а ў нас 142", — сказаў Кабякоў.

"Аб`ём знешняга гандлю ў мінулым годзе ў нацыянальных валютах паміж краінамі склаў прыкладна 82%. Экспарт Беларусі ў Расію практычна на 100% ідзе ў расійскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расійскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы купляем за долары. Разлічвацца можна і ў расійскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэнне прывязана да долара", — канстатаваў Кабякоў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239