Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/04/17/840813/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 20:40
17.04.2016 12:08 Грамадства

Сацыяльны праект "Чытаем па-беларуску з velcom" ахопіць усе рэгіёны Беларусі

Мінск, 17 красавіка. Адукацыйны праект "Чытаем па-беларуску з velcom", які летась прайшоў у мінскіх школах, сёлета будзе працягнуты ў рэгіёнах Беларусі. Асветніцкая ініцыятыва па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ ў кожнай вобласці краіны.

Як паведаміла прэс-служба кампаніі velcom, першыя рэгіянальныя ўрокі для малодшых школьнікаў будуць арганізаваны ў красавіку і маі ў Гомелі, Брагіне, Рэчыцы, Светлагорску, Мазыры і Жлобіне. А напачатку новага навучальнага года каманда праекта "Чытаем па-беларуску з velcom", у якую ўвайшлі вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, прыедзе з захапляльнымі заняткамі ў школы Брэста і Брэсцкай вобласці.

Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш як 15.000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па роднай беларускай мове, літаратуры і культуры.

Настаўнікі праекта — вядомыя беларускія пісьменнікі, акцёры і тэлевядучыя: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, але і атрымаюць практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.

"Для пісьменніка ўдзел у праекце — гэта магчымасць дапамагчы настаўнікам адкрываць для дзяцей чароўны свет роднай мовы і літаратуры, пашыраць далягляд і асабіста знаёміць дзяцей з творчасцю беларускіх літаратараў. Пасля першых заняткаў праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" у Мінску вучні і настаўнікі пакінулі выдатныя водгукі. Таму цудоўна, што праект працягваецца: на мой погляд, кампанія velcom  пачала вельмі  патрэбны праект для школ нашай краіны", — сказала пісьменніца, паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова. 

Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі арганізатараў, у праекце, які стартаваў у кастрычніку 2015 года, прынялі удзел больш за 4.000 юных мінчукоў.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН