Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/04/27/842945_852369/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 07:48
27.04.2016 13:37 Палітыка, Грамадства

Беларусь зноў у дзясятцы краін з найгоршай сітуацыяй у галіне свабоды прэсы

Мінск, 27 красавіка. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House зноў аднесла Беларусь у дзясятку краін і тэрыторый з найгоршай сітуацыяй у галіне свабоды прэсы. Свежыя аналітычныя звесткі ўтрымліваюцца ў дакладзе "Свабода прэсы — 2016", апублікаваным на афіцыйным сайце арганізацыі.

Freedom House прыводзіць агульны рэйтынг для 195 дзяржаў і чатырох асобных тэрыторый — Ганконга, Крыма, Самалілэнда, Заходняга берага Іардана і сектара Газа.

Беларусь апынулася на шостым месцы з канца, атрымаўшы статус краіны з несвабоднай прэсай. Горш, чым у Беларусі, сітуацыя толькі ў Паўночнай Карэі, Туркменістане, ва Узбекістане, у Крыме і Эрытрэі.

Праваабаронцы складаюць рэйтынг на аснове ацэнак прававога, палітычнага і эканамічнага асяроддзя, дзе чым меншая атрыманая колькасць балаў, тым лепш. Так, сітуацыя з палітычным асяроддзем у Беларусі крыху змянілася ў станоўчы бок, атрымаўшы 34 балы з 40. Для параўнання, у дакладзе за 2015 год Freedom House ацаніла беларускае палітычнае асяроддзе на 36 балаў.

Прававое і эканамічнае асяроддзе ў Беларусі за год не змянілася — адпаведна 29 і 28 балаў з 30.

Звесткі па Беларусі ў новым дакладзе аб сітуацыі са свабодай прэсы пададзеныя толькі ў статыстычнай табліцы і адзначаныя на інтэрактыўнай карце. Асаблівых заўваг ў тэксце даклада пра Беларусь няма.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН