Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/03/843881/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 17:50
03.05.2016 13:32 Грамадства, Палітыка

Партыя БНФ патрабуе ад Генпракуратуры прызнаць "Начных ваўкоў" экстрэмісцкай арганізацыяй

Мінск, 3 мая. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 3 мая накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з патрабаваннем прызнаць расійскі байкерскі клуб "Начныя ваўкі" экстрэмісцкай арганізацыяй.

Падставай для заявы, паведамляе прэс-служба партыі, сталі нядаўнія выказванні лідара маскоўскіх "Начных ваўкоў" Аляксандра Залдастанава, які 30 красавіка знаходзіўся ў Беларусі. Ён заявіў, што "Беларусь — гэта Расія".

Янукевіч просіць генеральнага пракурора ў мэтах выканання закона "Аб процідзеянні экстрэмізму" звярнуцца ў Вярхоўны суд з заявай аб прызнанні "Начных ваўкоў" экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

"Нахабная заява Залдастанава відавочна скіравана на непрызнанне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы і мае на мэце падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы, — лічыць Янукевіч. — Заканадаўства пра барацьбу з экстрэмізмам, якое акурат нядаўна было значна ўдасканалена, мае на мэце барацьбу менавіта з падобнымі пагрозамі і заклікамі. У нашых дзяржаўных структураў цяпер ёсць выдатная магчымасць прадэманстраваць, што новыя заканадаўчыя нормы пра супрацьдзеянне экстрэмізму насамрэч будуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з задэклараванымі мэтамі абароны нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Мы звяртаем увагу пракуратуры не толькі на сам змест заявы, але і на тое, што яна была зроблена кіраўніком арганізацыі, якая актыўна і дзейсна падтрымлівала сепаратызм ва Украіне, а цяпер стварыла некалькі аддзяленняў у Беларусі (ёсць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя філіялы)".

Янукевіч таксама падкрэсліў, што заявы Залдастанава "могуць быць сведчаннем стварэння ідэалагічнага падмурку для падрыхтоўкі гібрыднай вайны супраць Беларусі".

Нагадаем, матацыклісты клуба "Начныя ваўкі" здзяйсняюць мотапрабег "Дарогі Перамогі — на Берлін". У мінулыя выхадныя некалькі з іх не змаглі перасячы беларуска-польскую мяжу. Як заявіў на брыфінгу прэс-сакратар мясцовага аддзялення памежаховы ў Цярэспалі Дарыюш Сяніцкі, было адмоўлена ва ўездзе сямі матацыклістам. "Прычына адмовы — пагроза для грамадскага парадку і бяспекі дзяржавы", — паведаміў прэс-сакратар. Аднак частка ўдзельнікаў мотапрабегу трапілі ў Еўропу, нягледзячы на забарону Польшчы. Пра гэта паведаміў 2 мая кіраўнік прабегу Андрэй Баброўскі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239