Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/04/844087_844088/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:26
04.05.2016 14:03 Эканоміка

Сямашка: Беларусь не баіцца скарачэння паставак расійскага газу

Мінск, 4 мая. У беларускага боку няма асцярог адносна магчымага скарачэння Расіяй паставак газу ў Беларусь, заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашко 4 мая, адказваючы на пытанні журналістаў у межах Беларускага прамысловага форуму ў Мінску.
"Асцярог адносна скарачэння паставак газу няма. У заключаных пагадненнях запісана, што пакуль ідзе спрэчка суб'ектаў гаспадарання, яны (расійскі бок. — БелаПАН.) не маюць права скарачаць пастаўкі газу", — сказаў Сямашка, каментуючы газавую спрэчку паміж дзвюма краінамі.

Ён адзначыў, што кампанія "Газпром трансгаз Беларусь" ужо звярнулася ў міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце з іскам да беларускіх суб'ектаў гаспадарання. "Гэта спрэчка паміж суб'ектамі гаспадарання, "Газпром трансгаз Беларусь" падаў іск на нашы аблгазы (вытворчыя рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы ва ўсіх абласцях краіны. — БелаПАН.) за недаплату. Суд прыняў іск да разгляду", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, беларускія аблгазы лічаць, што ў іх ёсць падставы недаплачваць за расійскі газ. "Яны лічаць, што ў іх ёсць, згодна з кантрактным пагадненням, падставы, каб цана газу была значна ніжэйшай за тую, якую выстаўляе "Газпром", — заявіў Сямашка.

Ён паведаміў, што "Газпром" прадае сёння газ Беларусі па 132 долары за тысячу кубаметраў. Кошт газу, які лічыць справядлівым беларускі бок, віцэ-прэм'ер назваць журналістам адмовіўся. "На саюзным Саўміне (пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы плануецца ў Магілёве 12 мая. — БелаПАН.), магчыма, гэтае пытанне будзе ўзнімацца", — выказаў меркаванне Сямашка.

Нагадаем, 3 мая Уладзімір Сямашка заявіў журналістам: беларускія галіновыя арганізацыі лічаць, што яны плацяць за газ "абсалютна правільна і карэктна". Сярод аргументаў на іх карысць віцэ-прэм'ер назваў цэлую сістэму пагадненняў, падпісаных у 2011 годзе, на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі аб доступе да паслуг пэўных манаполій. Акрамя таго, паводле слоў Сямашкі, парадак фарміравання цэн пры пастаўках прыроднага газу ў Беларусь вызначаны і пагадненнем ад 29 мая 2014 года аб Еўразійскім эканамічным саюзе. "Там усё дакладна распісана, яны зараз разбіраюцца", — паведаміў намеснік прэм'ер-міністра.

Беларускія ўлады ўжо некалькі месяцаў вядуць перамовы з Расіяй, дамагаючыся зніжэння цаны імпартаванага газу, аднак расійскі бок лічыць гэта немэтазгодным.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН