Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/11/845035_741258/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:48
11.05.2016 20:50 Эканоміка, Фінансы

ЕБРР пагоршыў свой прагноз падзення эканомікі Беларусі

Мінск, 11 мая. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пагоршыў свой прагноз падзення эканомікі Беларусі. Як вынікае з абноўленага прагнозу банка, аб`ём беларускага ВУП ў 2016 годзе скароціцца на 3%.

Пры гэтым у сваім папярэднім аналізе, зробленым у лістападзе 2015 года, ЕБРР прагназаваў падзенне ВУП Беларусі да 1% у 2016-м. Такім чынам, аналітыкі банка пагоршылі свой прагноз на 2 працэнтныя пункты.

У лістападзе ЕБРР таксама прагназаваў падзенне беларускага ВУП да 3,5% у 2015 годзе, фактычна яно склала 3,9%.

"Беручы пад увагу трывалыя гандлёвыя сувязі Беларусі з Расіяй, а таксама структуру эканомікі, дысбалансаў і рызыкі рэфінансавання, мы чакаем, што эканоміка Беларусі скароціцца на 3% ў 2016 годзе і пачне расці на 1% у 2017 годзе", — адзначаюць эксперты ЕБРР.

Яны таксама згадваюць, што ў першым квартале 2016 года ВУП Беларусі скараціўся на 3,6%.

Варта адзначыць, што ў красавіку свае прагнозы падзення беларускай эканомікі таксама пагоршылі Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд.

Так, згодна з абноўленым макраэканамічным прагнозам Сусветнага банка, ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 3%. Восенню 2015 года Сусветны банк прагназаваў, што беларускі ВУП скароціцца ў гэтым годзе на 0,5%.

У сваю чаргу ў красавіцкім дакладзе МВФ World Economic Outlook Update прагназуецца, што ў 2016 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 2,7%. У папярэднім дакладзе, які быў апублікаваны ў кастрычніку 2015 года, МВФ чакаў, што зніжэнне ВУП Беларусі ў 2016 годзе складзе 2,2%.

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год прадугледжвае рост ВУП на 0,3%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН