Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/13/845337_845338/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:13
13.05.2016 09:33 Грамадства

Мінінфарм адмовіў БелаПАН у акрэдытацыі на XІ Беларускі міжнародны медыяфорум

Мінск, 13 мая. Міністэрства інфармацыі Беларусі адмовілася акрэдытаваць карэспандэнта і відэааператара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН на XI Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: інтэграцыя як фактар стварэння", які афіцыйна адкрываецца 13 мая ў Мінску.

Заяўку на асвятленне гэтага мерапрыемства разам з усімі неабходнымі дадзенымі БелаПАН накіраваў у міністэрства ў сярэдзіне мінулага тыдня, за пяць дзён да заканчэння тэрміну, адведзенага для гэтай працэдуры. Паведамлення пра тое, акрэдытаваныя журналісты агенцтва на мерапрыемства ці не, з Міністэрства інфармацыі не паступіла да гэтага часу.

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця медыяфоруму супрацоўнікі прэс-цэнтра Дома прэсы, які ажыццяўляе функцыі выканаўчай дырэкцыі форуму, паведамілі карэспандэнту агенцтва, што БелаПАН няма ў спісе акрэдытаваных на мерапрыемства СМІ. Прычыну адмовы ў Доме прэсы не растлумачылі, параіўшы звярнуцца па тлумачэнне ў Міністэрства інфармацыі.

Атрымаць каментарый у прадстаўнікоў профільнага міністэрства на гэты конт не ўдалося. У той жа час адзін з пунктаў парадку аб акрэдытацыі на гэта мерапрыемства прадстаўнікоў СМІ, апублікаванага на сайце Мінінфарма, гаворыць, што "арганізацыйны камітэт форуму мае права адмовіць у акрэдытацыі без тлумачэння прычын".

На цяперашні медыяфорум запрошаны звыш 300 прадстаўнікоў СМІ і розных экспертаў з 21 краіны. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам інфармацыі і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, МЗС Беларусі, Мінгарвыканкама, Мінскага і Гродзенскага выканкамаў.

Пленарнае пасяджэнне медыяфоруму пройдзе ў зале Алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства возьмуць удзел у дыскусіях "Чвэрць стагоддзя суверэннага развіцця і інтэграцыі" і "Сучасныя медыя: новыя выклікі і новыя магчымасці", а таксама прымуць рэзалюцыю.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН