Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/20/846616_523641/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:24
20.05.2016 12:07 Грамадства

ЕГУ абвясціў аб змене кіраўніцтва

Мінск, 20 мая. Прафесар Дэвід Полік завершыць сваё знаходжанне на пасадзе рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс) у канцы лета, абвясціла выканаўца абавязкаў старшыні кіруючага савета ЕГУ Эн Лонсдэйл, паведамляе прэс-служба ВНУ.

Адзначаецца, што Полік першапачаткова планаваў пакінуць ЕГУ вясной 2016 года, але паводле просьбы выканаўчага камітэта кіруючага савета пагадзіўся працягнуць тэрмін свайго знаходжання на пасадзе рэктара да лета, "каб завяршыць працэс стратэгічнага планавання і распрацоўкі агульнаўніверсітэцкага блока курсаў, а таксама даць магчымасць ажыццяўлення прафесійнага міжнароднага пошуку новага рэктара". "Кіруючы савет глыбока ўдзячны прафесару Поліку за гатоўнасць пайсці насустрач супольнасці ЕГУ ў такі важны перыяд", — падкрэсліла Лонсдэйл.

Яна нагадала, што на Поліка ўскладаліся "нялёгкія абавязкі: стварэнне і ўвасабленне стратэгічнага плана разам са значным разузбуйненнем універсітэта ў адказ на зніжэнне колькасці студэнтаў у рэгіёне і неабходнасцю ў павышэнні эфектыўнасці затрат". "Гэта надзвычай складаная кіраўніцкая задача, але дзякуючы яго бліскучаму акадэмічнаму кіраўніцтву і актыўнай падтрымцы з боку калег па ЕГУ яна набліжаецца да завяршэння і будзе завершаная да яго сыходу летам 2016 года. Мы вельмі абавязаныя Дэвіду за яго нястомную працу на карысць універсітэта", — заявіла Лонсдэйл.

У паведамленні адзначаецца, што за час знаходжання на пасадзе рэктара Полік рэалізаваў пастаўленыя перад ім задачы, а менавіта: прывядзенне ЕГУ ў адпаведнасць з працоўным заканадаўствам Літвы; паспяховая пераакрэдытацыя ўніверсітэта; перапрацоўка статута ўніверсітэта; стварэнне новай партыцыпатарнай структуры кіравання; рэструктурызацыя кіраўніцтва; укараненне новага партыцыпатарнага бюджэтнага працэсу; аўтсорсінг IT-паслуг; бюджэтныя скарачэння звыш 25% аперацый; удзел у пяці аўдытах універсітэцкіх фінансаў і працэдур.

Паведамляецца таксама, што "зусім нядаўна прафесар Полік у супрацоўніцтве з рознымі ўніверсітэцкімі падраздзяленнямі распрацаваў новы стратэгічны план універсітэта і новую сістэму блока агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі".

"У гэты час ЕГУ рыхтуецца прааналізаваць сваю будучую ролю для Беларусі і Усходняй Еўропы. Пачатак пакладзе адкрыты міжнародны пошук новага рэктара. Наш новы этап супрацоўніцтва са Шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця (SIDA), якое будзе ажыццяўляць нагляд за Траставым фондам замест Савета міністраў Паўночных краін, азначае, што SIDA будзе адыгрываць важную ролю ў працэсе прыняцця гэтых рашэнняў. Яны патрабуюць, каб мы скарысталіся паслугамі пошукавага агенцтва, якое яны самі вызначаць. Пошук пачнецца ў канцы мая і, як мы спадзяемся, завершыцца адборам кандыдата-фіналіста кіруючым саветам ЕГУ ў верасні 2016 года, з тым каб новы рэктар мог пачаць выкананне абавязкаў ўжо ў пачатку наступнага навучальнага года", — паведамляе прэс-служба ВНУ.

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалагічных прычын. Праз год аднавіў працу ў Вільнюсе. З'яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

У верасні 2014 года заснавальнік ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду рэктара і стаў прэзідэнтам універсітэта. Для абрання новага рэктара быў заснаваны часовы камітэт. На пасаду прэтэндавалі шэсць чалавек — трое грамадзян Беларусі і трое грамадзян ЗША. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці настойвалі на тым, каб рэктарам ЕГУ быў выхадзец з Беларусі, а сам універсітэт захаваў беларускі вектар развіцця. Нягледзячы на гэта агульны сход заснавальнікаў абраў новым рэктарам ВНУ амерыканскага прафесара Дэвіда Поліка, які працаваў у ЕГУ на розных пасадах з сакавіка 2014 года.

10 мая гэтага года Савет міністраў замежных спраў Паўночных краін (Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, назіральнікі — Латвія, Літва, Эстонія) абвясціў аб спыненні фінансавання ЕГУ. У якасці асноўнай прычыны была названая неабходнасць "рэструктурызацыі бюджэту для вызвалення сродкаў для супрацоўніцтва па пытаннях інтэграцыі бежанцаў і імігрантаў у гэтым годзе". Акрамя гэтага, рашэнне аб спыненні фінансавання ЕГУ грунтуецца на выніках абмеркавання ролі і стратэгіі ўніверсітэта, заявіў Паўночны савет. Пры гэтым адзначалася, што "неаднаразовыя ўнутраныя рознагалоссі" ў ЕГУ ў апошнія гады адцягваюць увагу ад дзейнасці ўніверсітэта.

Услед за рашэннем Паўночнага савета ў СМІ з'явілася інфармацыя аб правядзенні ў канцы 2015 года міжнароднай кампаніяй Deloitte аўдыту фінансавай дзейнасці ЕГУ на замову скандынаўскіх спонсараў ВНУ. Паведамлялася, што праверка нібыта выявіла шэрыя схемы, у якіх задзейнічаныя рэктар і асобныя члены кіраўнічага савета ВНУ. Кіраўніцтва ЕГУ раскрытыкавала вынікі аўдыту.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН