Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/20/eu_eu_846718_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:54
20.05.2016 16:48 Эканоміка, Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка прапанаваў італьянскім бізнесменам арганізаваць у Беларусі два-тры праекты пад яго адказнасць

Мінск, 20 мая. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў італьянскаму бізнесу больш актыўна інвеставаць у Беларусь. Пра гэта ён заявіў пасля прыбыцця ў Рым падчас кароткай гутаркі ў аэрапорце з паўнамоцным міністрам службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві.
"Мы вас запрашаем у Беларусь. Мы можам рэанімаваць нашы дамоўленасці аб стварэнні прамысловай зоны ў Брэсце. Калі я бываю ў іншых дзяржавах, заўсёды прапаную пачынаць з малога: два-тры праекты пад маю адказнасць. Я буду кантраляваць іх развіццё. Калі вам гэта спадабаецца, прапануйце больш", — цытуе Лукашэнку БелТА.

"Я заўсёды зыходжу з таго, што калі бізнес лічыць патрэбным развіваць канкрэтны праект, ён бярэ на сябе адказнасць, ён ведае, куды прадасць сваю прадукцыю. А нам ужо выгада ў тым, што яны прыйдуць да нас, створаць працоўныя месцы, будуць плаціць падаткі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Крысціяна Катафаві адзначыў "наяўнасць мэтанакіраванага погляду ў пытанні развіцця двухбаковых адносінаў" Беларусі і Італіі. "Значыць, трэба пачынаць з гэтых двух-трох праектаў і з тых абласцей, якія ўяўляюць узаемную цікавасць", — адзначыў дыпламат. Прадстаўнік МЗС Італіі нагадаў, што на пасяджэнні міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі ў лютым у Мінску бакі ўжо выказалі ўзаемную цікавасць аб стварэнні ў Брэсце бізнес-інкубатара, які будзе аказваць садзейнічанне кампаніям з Італіі ў рэалізацыі стартап-праектаў. "Павінен сказаць, што Італія таксама пачынае выходзіць з крызісу. Вельмі спадзяемся, што гэта пазітыўным чынам адаб'ецца таксама і на нашых эканамічных адносінах", — дадаў італьянскі дыпламат.

У аэрапорце ў Лукашэнкі таксама адбылася кароткая размова з асабістым прадстаўніком папы рымскага, аргенцінскім дырэктарам пратаколу Гільерма Кархерам.

Візіт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан адбудзецца 20—21 мая. Гэта яго першы візіт у ЕС пасля адмены Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да Беларусі 15 лютага.

20 мая беларускі кіраўнік правядзе перамовы з прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэлам. На сустрэчы плануецца разгледзець "увесь спектр беларуска-італьянскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, развіццё кааперацыйных сувязяў". Асобную ўвагу плануецца надаць фарміраванню паўнавартаснай нарматыўнай базы беларуска-італьянскага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

21 мая ў Ватыкане адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з папам рымскім Францыскам. На ёй будзе абмяркоўвацца далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Італію і Ватыкан у 2009 годзе. Тады ён сустракаўся з прэм'ер-міністрам Італіі Сільвія Берлусконі і папам рымскім Бэнедыктам.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН