Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/25/847449_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:01
25.05.2016 13:42 Палітыка

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка вызваленая з расійскай турмы і абмененая на двух супрацоўнікаў расійскага ГРУ

Мінск, 25 мая. Украінская лётчыца Надзея Саўчанка 25 мая вызваленая з расійскай турмы і абмененая на двух супрацоўнікаў расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Расіі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава.

Чакаецца, што сёння з адпаведнай заявай выступіць прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, на самалёце якога Саўчанка, паводле паведамленняў СМІ, ужо вылецела з Растова-на-Доне ў Кіеў. У сваю чаргу Ерафееў і Аляксандраў адправіліся з Кіева ў Маскву на самалёце прэзідэнта Расіі.

22 сакавіка гэтага года Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці прыгаварыў Саўчанку да 22 гадоў калоніі агульнага рэжыму, прызнаўшы яе вінаватай у дачыненні да забойства ў чэрвені 2014 года журналістаў здымачнай групы Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі, а таксама ў замаху на забойства і незаконным перасячэнні мяжы РФ. Саўчанка абвінавачванні катэгарычна адмаўляла і адмовілася прызнаць прысуд. Яна неаднаразова аб'яўляла галадоўку.

У красавіку Пётр Парашэнка паведаміў, што ёсць дамоўленасць пра алгарытм і тэрміны вяртання Саўчанкі на радзіму. Паведамлялася, што яе могуць абмяняць на расійскіх вайскоўцаў, прадстаўнікоў ГРУ МА РФ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі і асуджаныя да 14 гадоў зняволення. Пры гэтым расійскі бок неаднаразова заяўляў пра немагчымасць абмену Саўчанкі ў рамках мінскага працэсу па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

4 мая стала вядома, што Федэральная служба выканання пакаранняў РФ пачала збор дакументаў для перадачы Саўчанкі ва Украіну.

Лёс Саўчанкі быў у цэнтры ўвагі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе (Украіна — АБСЕ — Расія), якая рэгулярна збіраецца ў Мінску.

Каля расійскага пасольства ў Мінску 7, 9, 21, 22 сакавіка і 18 красавіка беларускія дэмакратычныя актывісты праводзілі пікеты з патрабаваннем неадкладна вызваліць Саўчанку. Удзельнікі гэтых не санкцыянаваных гарадскімі ўладамі акцый былі аштрафаваныя.

18 красавіка актывістка "Еўрапейскай Беларусі" мінчанка Юлія Сцяпанава абвясціла галадоўку ў падтрымку Саўчанкі.

11 мая нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч павіншавала Саўчанку з 35-годдзем. "Дарагая Надзея! Заўсёды памятай, што мы з табой. А яшчэ хачу сказаць, што ў цябе цудоўная мама, з якой мы нядаўна сустрэліся ў Кіеве. Веру, што мы хутка сустрэнемся, Надзея!" — гаварылася ў віншаванні.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН