Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/05/27/847976_523641/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:17
27.05.2016 16:45 Палітыка, Грамадства

Макей: Вядзецца падрыхтоўка візіту папы рымскага ў Беларусь

Мінск, 27 мая. Падрыхтоўка візіту папы рымскага Францыска ў Беларусь вядзецца, але гэта не азначае, што візіт адбудзецца найбліжэйшым часам, заявіў журналістам 27 мая ў Мінску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Ён нагадаў, што падчас нядаўняга візіту ў Ватыкан Аляксандр Лукашэнка запрасіў папу Францыска наведаць Беларусь.

"Але падрыхтоўка і размова пра гэта не азначаюць, што візіт адбудзецца заўтра, ці на трэці дзень, ці найбліжэйшымі днямі. Усе візіты дзяржаўнага ўзроўню патрабуюць дбайнай падрыхтоўкі", — дадаў Макей.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адносіны Беларусі з Ватыканам знаходзяцца на высокім узроўні. "Мы сапраўды ўдзячныя за стрыманую і ўзважаную пазіцыю Ватыкана, у тым ліку ў пытанні адмены абмежавальных мер з боку Еўрасаюза", — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. Такі ўзровень узаемаадносін будзе захаваны і ў далейшым, заявіў Макей.

"Што да візіту папы рымскага ў Беларусь, то мы гатовыя яго прыняць і арганізаваць яго сустрэчу на беларускай зямлі. Гэты візіт і гэтая сустрэча дапамогуць стварыць яшчэ большую гармонію і яшчэ большы мір. З гэтай пазіцыі мы і будзем падыходзіць пры арганізацыі візіту. Пакуль гаворка пра дакладную дату не ідзе, але падрыхтоўка вядзецца", — паўтарыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Нагадаем, сустрэча Лукашэнкі з пантыфікам адбылася 21 мая ў Ватыкане. Пасля аўдыенцыі беларускі кіраўнік паведаміў журналістам, што папа Францыск пагадзіўся з тым, што яму час прыехаць у Беларусь. "Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфесійную згоду, якая пануе ў нас, пра сітуацыю ў сацыяльнай сферы, эканоміцы", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама выказаў думку, што папу рымскаму час сустрэцца на беларускай зямлі з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы. "Усё ў руках Бога: калі ён дабраславіць, то нашы найвышэйшыя іерархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і іудзеяў, і іншых канфесій", — сказаў ён. Такая сустрэча ў Беларусі магла б садзейнічаць міратворчаму працэсу на Данбасе, дадаў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што падчас Нацыянальнага еўхарыстычнага кангрэса, які прайшоў 24—26 мая ў Гродне, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў журналістам: адной з умоў, неабходных для прыезду папы Францыска ў Беларусь, з'яўляецца дасведчанасць. Да прыезду пантыфіка ў Беларусь Ватыкан павінен даведацца пра ўсе праблемы касцёла ў краіне, растлумачыў кардынал. "Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасці, але іх не трэба замоўчваць, а казаць як ёсць — праўду", — дадаў Грахалеўскі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН